У межах рэалізацыі праекта міжнароднай дапамогі “Павялічэнне прывабнасці трансмежнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (акронім – “Вандроўка ў этнаказку”) пад эгідай Сувальскай агратурыстычнай палаты адбыліся 5-дзённыя трэнінгі па этнічнаму турызму. Праект фінансуецца Еўрапейскай супольнасцю са сродкаў Еўрапейскага інструмента дабрасуседства і партнерства ў рамках праграмы трансмежнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна 2007–2013.

У трэнінгах прымала ўдзел сумесная польска-беларуская група спецыялістаў у галіне турыстычнай дзейнасці абедзвюх краін. Базай навучання была абрана Сувальшчына – геаграфічна і культурна блізкі, а да таго ж турыстычна прывабны для Гродзеншчыны рэгіён.

Заняткі для ўдзельнікаў трэнінгаў праводзілі спецыялісты ў турыстычным бізнэсе з Сувалак, Беластоку, Варшавы. Вялікую цікавасць выклікалі запланаваныя ў межах праекта практычныя заняткі, што праводзіліся ў адметных для турыстычнай Сувальшчыны месцах: Нацыянальным парку “Вігры”, былым камедульскім кляштары ў Віграх, міжнародным “Цэнтры дыялогу” у Краснагрудзе, цэнтры “Манюўка” у Новай Всі, цэнтры спорту і адпачынку ў Сувалках, ваяводскім цэнтры спорту і адпачынку “Шэльмэнт”, Сувальскім аквапарку.

Разам з тым, удзельнікі наведалі шэраг турыстычных аграсядзіб у рэгіёне, якія мэтанакіравана і даволі паспяхова вядуць свой бізнэс з апорай на этнічны турызм. Сярод іх “Музей вёскі” ў Пуньску, “Асада Яцвяжска-Пруска” ў Ашкіянах, Цэнтр “Сілайнэ” і інш.

З уражанняў удзельнікаў трэнінгаў:

Таццяна Васюкевіч: “Спадабалася вялікая практычная частка: было на што паглядзець. У прыватнасці, цікавыя аграсядзібы – вельмі арыгінальны выгляд у спалучэнні з непасрэдным турыстычным прызначэннем. Таксама вялікае захапленне выклікалі паркі, якіх на Сувальшчыне даволі шмат, але культурным ландшафтам яны выразна адрозніваюцца ад беларускіх паркаў. З экскурсійнай праграммы таксама спадабалася экскурсія па Сувальскім аквапарку”.

Таццяна Вялічка: “Больш за ўсё спадабаліся выязныя экскурсіі. Найбольшае ўражанне пасля сябе пакінула агратурыстычная сядзіба “Сад казак”.

Аліна Раматоўская: “Спадабаўся занятак, які праводзіла Івона Гурска, прысвечаны выкарыстанню культурнай спадчыны ў турыстычнай дзейнасці. Добрыя веды пакідаюць таксама заняткі ”на выяздах”, якія практычна дэманструюць працэс і вынікі турыстычнай дзейнасці”.

Годны ўзровень арганізацыі трэнінгаў быў дасягнуты дзякуючы творчай і зладжанай дзейнасці арганізатараў і партнёраў праекта “Вандроўка ў этнаказку” па беларускім і польскім баку – Віталія Карнялюка, Вікторыі Кергет, Ганны Пячынскай,  Ігара Кергета, Сяргея Раманава, Эльжбеты Недзейка, Віалеты Сянькоўскай, Рэнаты Закшэўскай.