Падвойнае (двухасноўнае) ткацтва было вядома са старажытных часоў у розных частках і краінах свету: на Бліжнім Усходзе, у Перу, Мексіцы, Італіі, Іспаніі, Англіі, краінах Скандынавіі, Германіі, Польшчы, Літвы, на землях Старажытнай Русі.

У другой палове ХІХ ст. падвойныя дываны, як вырабы рамесніцкага ткацтва, з’яўляюцца ў сялянскім побыце на Гродзеншчыне і тэрыторыі каля Беластока і Аўгустава.

Тканыя такой тэхнікай дываны выконваліся на шырокіх гарызантальных кроснах (даўжыня – да 2-х метраў, шырыня – 1,5 метра). Яны мелі дзве асновы розных колераў, злучаных між сабою толькі ў контурных абрысах двухбаковага малюнка (светлага на цёмным фоне і цёмнага на светлым). Малюнак раўнамерна размяркоўваўся па галоўнаму полю дывана і па яго бардзюрах, каб надаць тканіне большую звязанасць і неразрыўнасць. Каб выканаць разнастайныя ўзоры, ткачыха шляхам ручнога выбірання малюнка самастойна кампанавала задуманую кампазіцыю. Яе можна ўвесь час удакладняць, відазмяняць розныя дэталі і элементы. Такую вялікую колькасць цікавых і непаўторных фітаморфных, зааморфных і антрапаморфных арнаментальных і сімвалічных форм можна стварыць толькі ў падвойным выглядзе, што немагчыма паўтарыць у іншых тэхніках ткацтва.

З часам гэтае складанае па тэхналогіі ткацтва пачынае знікаць, яго замяняюць больш простыя і хуткасныя шматнітовыя тэхнікі выканання ўзорыстых тканін. У міжваенны перыяд толькі ў вёсках паміж Гродна-Аўгустовам-Беластокам падвойныя дываны не пераставалі ўжывацца для вясельнага рытуалу, аздаблення культавых пабудоў і хатніх інтэр’ераў.

Падвойныя дываны былі ўпершыню выяўлены і апісаны першым дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мастацтвазнаўцам Юзафам Ядкоўскім, які падчас экспедыцый у 20-30-ыя гады ХХ ст. знаходзіў іх у вёсках Янаў, Сухая Воля, Дамброва і іншых і фарміраваў з іх унікальную тэкстыльную калекцыю. Дзякуючы яму, за падвойнымі дыванамі замацавалася назва “гродзенскія дываны”. Менавіта такі тэрмін ужываўся доўгі час і ім карыстаюцца сучасныя беларускія даследчыкі і навукоўцы. Гэта звязана не толькі з адміністрыцыйна-тэрытарыяльным бытаваннем двухасноўных дываноў, але і з гісторыяй адкрыцця, даследваннем і першапачатковым музейным зборам менавіта ў Гродзенскім музеі (Ю. Ядкоўскі даследваў і збіраў падвойныя дываны на працягу амаль 20 гадоў). 

У 1930-ыя гады нямецкі этнограф Конрад Хаам вывучаў старажытныя ўзоры падвойных дываноў на памежжы Мазур і Сувалска-Аўгустоўскага Паазер’я . Аднак, нягледзячы на перапіску з Ю. Ядкоўскім і на размяшчэнне фотаздымкаў двух гродзенскіх дываноў у сваёй кнізе пра ўсходне-прускія сялянскія дываны ў 1937 годзе, К. Хаам нават не ўзгадвае свайго гродзенскага калегу (праўда, з 1936 года Ю. Ядкоўскі пераязджае ў Варшаву). Тым не менш, дзякуючы гэтаму даследванню, бачна, што дываны, якія паходзяць з Гродзенскага рэгіёну, адрозніваюцца ад мазурскіх. Пасля 1860 года ва Усходняй Прусіі падвойныя дываны ўжо не ткаліся, з сярэдзіны ХІХ ст. іх выраб канцэнтруецца на тэрыторыі Гродна-Беласток-Аўгустаў.   

Услед за Ю. Ядкоўскім гэтыя дзівосныя па харастве і мастацкіх якасцях тканіны даследавала і фактычна адрадзіла польская мастачка Элеанора Плутыньская, якая ў 1934 годзе, пачынаючы пошук ткачоў, карысталася парадамі Ю. Ядкоўскага. Яна знайшла майстроў менавіта ў тых вёсках, якія былі вызначаны дырэктарам Гродзенскага музея ў 1928 годзе ў якасці цэнтраў бытавання падвойных дываноў. Аднак імя гродзенскага першадаследчыка зноў не было ўзгадана. Тым не менш, дзякуючы Э. Плутыньскай, у канцы 30-х гадоў ХХ ст. гродзенскія дываны набылі вядомасць. Пад гэтай назвай дываны, вырабленыя пад кіраўніцтвам мастачкі ткачамі з вёскі Янаў у Сакольскім павеце, у 1938 годзе атрымалі залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы мастацтва і рамяства ў Берліне. Даўнія гродзенскія дываны і сучасныя, вытканыя ткачамі ў 1934–1937 гадах, былі прадэманстраваны ў 1938 годзе Э. Плутыньскай на падрыхтаванай ёй разам з Інстытутам прапаганды мастацтва ў  Варшаве выстаўцы “Мастацтва ткацтва на вёсцы: гродзенскія дываны, палескія пераборы”. З 15-ці старажытных дываноў на выстаўцы экспанаваліся два дываны са збораў Гродзенскага музея.

Пасля заканчэння вайны Э. Плутыньская вярнулася ў Янаў і прадоўжыла плённае супрацоўніцтва з мясцовымі ткачамі. Як вынік,  польскія падвойныя дываны атрымалі сусветную вядомасць і поспех, сталі своеасаблівай візітоўкай Польшчы, увасабленнем яе нацыянальнай культуры. Гэта дапамагло захаваць архаічную народную традыцыю і надаць ёй прэстыжны характар, які не перастае прыцягваць увагу этнографаў, калекцыянераў, аматараў падвойнага ткацтва.

Перадваенная назва падвойных дываноў (“гродзенскія”) была заменена на “беластоцкія”, “сувалскія”, “сакольскія”. Гэта было звязана з пасляваенным дзяржаўна-адміністрацыйнам дзяленнем і сапраўдным адраджэннем падвойнага ткацтва ўжо на тэрыторыі Польшчы.

З другой паловы ХХ ст. папаўняецца колькасць польскіх даследчыкаў падвойнага ткацтва: Тадэвуш Манькоўскі, Адам Наглік, Аляксандр Вайцяхоўскі, Аляксандр Блахоўскі, Галіна Якубоўская і іншыя; выходзяць у друк розныя буклеты і альбомы з музейнымі калекцыямі (адзін з апошніх і лепшых – калекцыя двухасноўных тканін з Музея Падляшскага ў Беластоку).

На беларускай тэрыторыі ўнікальнае ткацтва доўгі час знаходзілася на другім плане ў параўнанні з больш пашыранымі тэхнікамі, але, тым не менш, развівалася, дзякуючы таленавітым народным майстрыхам. У другой палове ХХ ст. падвойнае ткацтва на Захадзе Беларусі набывае перыферыйны характар і арэал распаўсюджвання ў Гродзенскім, Свіслацкім, Шчучынскім, Бераставіцкім, Зэльвенскім, Мастоўскім раёнах, а таксама часткова ў Пружанскім і Камянецкім раёнах Брэсцкай вобласці. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на другую палову ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява.

На Беларусі з 1970-х і асабліва з 1990-х гадоў таксама пачынае развівацца даследаванне падвойных дываноў. Свой вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі Дзіна Трызна, Майя Яніцкая, Вольга Лабачэўская, Таццяна Маліноўская, Валянціна Волах і іншыя. Гэтыя даследчыцы адзначаюць неабходнасць захавання назвы “гродзенскія дываны”, якая адлюстроўвае культурна-гістарычны сэнс гэтай з’явы. Так, знакамітая беларуская даследчыца Вольга Лабачэўская, а таксама некаторыя іншыя беларускія і польскія этнографы і даследчыкі, адзначаюць пераважную колькасць беларускага насельніцтва на Беласточчыне і ў паўднёвай частцы Сувальска-Аўгустоўскага Паазер’я і ставяць пытанне аб магчымасці існавання ткацкіх майстэрняў у ХІХ ст.  на Гродзеншчыне і ў памежных з Польшчай раёнах Заходняга Палесся. Менавіта гэтым тлумачыцца ўплыў рамесніцкага ткацтва на народную традыцыю ў дадзеным рэгіёне. Калі ўзгадаць, што ў вёсках каля Гродна такія вырабы называюць “ткацкія дываны”, а на Беласточчыне пашырана назва “дыван ткачоўскі”, што падцвярджае вытворчы характар падвойных дываноў ткачамі-спецыялістамі. Пры гэтым, неабходна адзначыць ідэнтычнасць арнаментальных матываў і кампазіцый дываноў для ўсёй акрэсленай тэрыторыі, што дазваляе гаварыць аб агульных вытоках гэтай мастацкай з’явы і культурных узаемадачыненнях паміж вытворцамі падвойных дываноў.

На сучасным этапе адбываецца ўзбагачэнне новымі творамі таленавітых ткачых фондаў многіх беларускіх музеяў, сярод якіх Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і іншыя. На жаль, зборы нашых музеяў значна саступаюць багатым калекцыям Польшчы. Так, сёння ў калекцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея налічваецца 17 дываноў, якія датуюцца другой паловай ХІХ ст., 20–30-мі гадамі ХХ ст. і пасляваенным часам. Каштоўная калекцыя захоўваецца і папаўняецца ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна.

Самай славутай ткачыхай гродзенскіх дываноў была Райская Ядвіга Аўгустаўна (1913–2003) з в. Адэльск Гродзенскага раёна, якая пражыла доўгае жыццё, выканала шмат дываноў і мела некалькі вучаніц.

Вядома, што ў канцы 1930-х гадоў Я. Райская вучылася падвойнаму ткацтву ад Браніславы Яцкевіч ў рамесніцкай майстэрні дываноў у Саколцы. Таму менавіта Я. Райскую можна лічыць спадкаемцай традыцыі ад рамеснікаў – ткачоў-спецыялістаў і зрабіць выснову, што вытворчасць падвойных дываноў на Гродзеншчыне не прыпынялася і мае пад сабой трывалыя гістарычныя карані.

Усё жыццё ткацтва дываноў для Я. Райскай было асноўным заняткам і сродкам заробку. Яна ткала дываны па замове вяскоўцаў і на продаж. За зіму і вясну яна штогод вырабляла да 10 дываноў. У маладыя гады ўмела ткаць 12 узораў, з 1970-х гадоў пакінула толькі 4 найбольш папулярных. Сама майстрыха ўласных узораў для дываноў не складала. Кампазіцыі яе дываноў у асноўным маюць сярэдзіну і кайму па краях з разетак, галінак з лісцем і кветкамі, геаметрычных элементаў і матываў, стылістыка якіх бярэ вытокі ад арнаменту мадэрну пачатку ХХ ст.

Ад Я. Райскай пераняла і распаўсюдзіла гэтую традыцыю Вера Ігнатаўна Белакоз (1933 г. н.) – жонка знакамітага заснавальніка Гудзевіцкага музея Алеся Белакоза, на яе рахунку больш 15 падвойных дываноў.

У 90-х гг. ХХ ст. В. Белакоз заснавала гурток па ткацтву пры Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна, які паспяхова дзейнічае да сёняшняга часу.

В. Белакоз мае некалькі вучаніц. Адна з іх – Басінская Кацярына Вітальеўна – дырэктар Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея.

На базе Гудзевіцкага музея размясціўся філіял Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў, дзе вядзе гурток па ткацту яшчэ адна вучыніца В. Белакоз – Станеўская Людміла Міхайлаўна.

Наступная вучаніца – дачка Веры Ігнатаўны, Марына Аляксандраўна Камінская, узначальвае ўзорную студыю “Суквецце талентаў” пры Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе праводзіцца навучанне ўсім тэхнічным асаблівасцям падвойнага ткацтва.

Ёсць свае напрацоўкі і ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Пры цэнтры існуе народны музей сучаснага народнага і самадзейнага  мастацтва, у якім захоўваюцца два падвойныя дываны ткачоў з Польшчы, падараваныя ў 1960-х гадах Беластоцкім музеем, ладзяцца выстаўкі па ткацтву.

Метадыст музея Гродзенскага АМЦНТ Алена Феліксаўна Шунейка (1950 г. н.), выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у пачатку 2000-х гадоў прыязджала да Я. Райскай, каб пераняць тэхналогію падвойнага ткацтва. Паколькі А. Шунейка займаецца найперш стварэннем сюжэтна-тэматычных габеленаў, то з’явіўся аўтарскі варыянт габелена ў тэхніцы падвойнага ткацтва. На яе тэкстыльных працах адлюстраваны помнікі архітэктуры, выявы герояў мінулага, дэкаратыўныя ўзоры, якія выдатна стылізаваны, утвараюць адзінае вобразнае цэлае, сугучнае традыцыйным першаўзорам з творчым падыходам. У тэхніцы падвойнага ткацтва ёй створаны габелены “Фара Вітаўта” (2002), “Падарожжы Апостала Паўла” (2009), “Гродзенскія замкі” (2011).

Тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва в. Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і в. Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў 2011 г. была ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 2012 г. у Дзяржаўны спіс быў унесены элемент “Творчасць майстра Алены Шунейка па вырабу габеленаў у тэхніках падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва (г. Гродна)”.

Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць.

У чэрвені 2012 г. у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры быў праведзены семінар-практыкум па падвойнаму ткацтву, на якім упершыню сустрэліся ткачыхі з Гродзеншчыны і Брэсчыны.

Старажытнае падвойнае ткацтва, такім чынам, не толькі захавалася на Гродзеншчыне, але знайшло працяг і своеасаблівае развіццё ў сучаснай прасторы, перажываючы па сутнасці “гродзенскае адраджэнне”. Усё гэта сведчыць аб захаванасці старажытнай традыцыі ў скарбонцы нацыянальнай культуры.

Н. І. Пасюта