ГРОДЗЕНСКІЯ СІНАГОГІ. Сінагога (ад грэчаскага – сход, месца сходу) – пасля разбурэння Іерусалімскага Храма асноўны інстытут іўдаізма; памяшканне, якое з’яўляецца цэнтрам грамадскага і рэлігійнага жыцця яўрэйскай абшчыны; лічыцца не домам Бога, а домам малітваў, сходаў і вучэння.

ВЫПРАЎЛЕННЕ МАЛАДОГА (у якасці пастаноўкі з элементамі рэканструкцыі выступае ў в. Глядавічы Мастоўскага раёна) – адзін з традыцыйных вясельных абрадаў. Адбываўся ў доме маладога падчас выпраўлення яго да нявесты ў дзень шлюбу.

ВЯСЕЛЛЕ. У нядзелю ў абодва вясельныя дамы пачыналі сыходзіцца госці. У доме маладога адбывалася выпраўленне яго да маладой. Рытуалы выпраўлення, зафіксаваныя ад старэйшых інфарматараў, утрымліваюць указанні на даўнейшае бытаванне пасаду маладога (М.Ф. Піліпенка вызначае гэты абрад як адметнасць беларускага вяселля).

ВАДОХРЫШЧА (Тры Каралі) (захавалася ў цэлым рэгіёне, асабліва рэлігійная складаючая, рэканструюецца ў в. Пагародна Воранаўскага р-на) свята, што завяршае калядны перыяд народнага календара. Адзначаецца каталікамі 6 студзеня, праваслаўнымі 19 студзеня.