17 – 18 жніўня адбыўся рэгіянальны этнафэст “Вандроўка ў этнаказку”, арганізаваныў  рамках рэалізацыі праекта “Павышэнне прывабнасці трансмежнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» (акронім – “Вандроўка ў этнаказку”), ажыццяўляемага супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў межах Праграмы трансмежнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна 2007–2013.

Першы дзень этнафэсту прайшоў у в. Гудзевічы Мастоўскага раёна, галоўнай славутасцю якой з’яўляецца Гудевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. 

У гэтай знакамітай вёсцы сабраліся народныя і этнічныя калектывы, майстры народнай творчасці  з усёй Гродзенскай вобласці, а таксама госці з Сувальшчыны. На падвор’ях можна было не толькі паназіраць за працай рамеснікаў і набыць сабе іх вырабы, але і самому паспытаць свае сілы ў народных рамёствах. Кожны жадаючы мог прыняць удзел у майстар-класах па ганчарству, ткацтву, пляценню паясоў, вышыўцы, саломапляценню, роспісу і дэкараванню яек, каванню, разьбе па дрэве, спевам і танцам. Сувальскія рамеснікі прапанавалі гасцям самім змалоць жыта на ручным млыне і пачаставацца польскім хлебам.

Пакуль рамеснікі дэманстравалі свае вырабы і майстэрства, на сцэне выступалі фальклорныя калектывы Гродзеншчыны (Зарачанскія крынічкі,  Ярыца) і Сувальшчыны (Pogranicze, Ruczaj, TeatrMłodzieżowy «Kregždė»). Яшчэ госці фестывалю мелі магчымасць палюбавацца на абрадавыя танцы (“Крыніца”, “Дубравачка”, “Котчынская кадрыля” ) і этнастроі.

Святочны настрой таксама стваралі беларускія ўдзельнікі фэсту ў нацыянальным адзенні, коннікі і воіны ў стылізаваных касцюмах.

Вялікі інтарэс выклікала квест-гульня “Гудзевічы +…”, якая прапанавала прагуляцца па вёсцы. Удзельнікі гульні выконвалі заданні на кожным прыпынку, што дазволіла ім пазнаёміцца з гісторыяй вёскі, бытам нашых продкаў, народнымі гульнямі, а таксама паспытаць сваі сілы ў стральбе з лука.

Не прыходзілася сумаваць і маленькім гасцям фестываля, для іх была арганізавана анімацыйная і сюжэтна-гульнёвая праграма, а таксама спектакль лялечнага тэатра “Батлейка”.

Увогуле на свяце кожны, нягледзячы на узрост і інтарэсы, мог знайсці для сябе занятак па густу.  Увечары адбыўся канцэрт этнагуртоў – пэўна, танцавала ўся вёска!

Хочацца спадзявацца, што гэты этнафэст стане добрай традыцыяй, якая будзе вельмі прывабнай для нашых і замежных турыстаў, і прызвычаіць ведаць, што кожны жнівень у Гудзевічах варта быць, бо там – сапраўднае народнае свята.

На другі дзень фестываля – 18 жніўня – свята этнічнага турызму працягнулася ў нашым горадзе. На пляцоўцы ля Старога Замка была зноў арганізавана дзейнасць падвор’яў майстроў Гродзеншчыны і Сувальшчыны, дзе таксама можна было атрымаць майстар-класы. А на сцэне перад Новым Замкам выступілі гродзенскія гурты Вочы і Раса мечтателей, а таксама госці з Мінску: Ірэна Катвіцкая, Фольк-Машына, Альтанка, Масуд Талібані, Irdorath і гурт PAWA, музыкі якога арганізавалі сапраўдную этнадыскатэку.

Працягам этнафэсту “Вандроўка ў этнаказку” стала свята этнічных культур пад назваю “Фестываль казак і легенд Усходняй Еўропы”, якое  адбылося 23– 25 жніўня ў горадзе Сувалкі і яго ваколіцах. На блізкіх да Гродна памежных польскіх землях на працягу трох дзён увазе мясцовых жыхароў і гасцей краю свае таленты прапаноўвалі разнастайныя музычныя фальклорныя калектывы і народныя майстры, аніматары і  тэатральныя трупы. Гэта былі польскія і беларускія творцы з Сувальшчыны,  Гродзеншчыны, Брэста і Мінска.

Гродзеншчына была прадстаўлена фальклорнымі ансамблямі  Зарачанскія крынічкі і Ярыца, інструментальным гуртом  Hurdy Gurdy  і танцавальным калектывам Selva Magica. Выступленні гэтых выканаўцаў адбываліся на розных пляцоўках сувальскага фэсту і сталі сапраўднаю падзеяй для слухачоў. Беларускія і польскія народныя песні і танцы падхопліваліся наведвальнікамі фэсту і натуральным чынам злучалі ўсіх прысутных.

Значную частку ўвагі прыцягнулі да сябе дванадцаць народных майстроў з Гродна і Мастоўскага раёна. Яны прадэманстравалі свае таленты ў мастацтве саломапляцення, беларускай лялькі, вышыванкі, ткацтва, глінянай цацкі. Усе вырабы можна было набыць і на ўласныя вочы пабачыць, як з’яўляецца рукатворная казка.

Каля ста гасцей з Гродна і Гродзеншчыны, звязаных з арганізацыяй этнічнага турызму, сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага Сувальскага этнафэсту.

Дні, праведзеныя сярод дэманстрацыі этнічнай культуры былі не толькі святам, але і павучальнай практыкай арганізацыі такога кшталту турыстычных паслуг, якія маюць у нас вялікі патэнцыял і павінны прывабліваць у Беларусь самых розных падарожнікаў.

Застаецца дадаць, што фестываль у Сувалках стаў чарговым мерапрыемствам праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вандроўка ў этнаказку”, у якім наш універсітэт выступае галоўным партнёром.

Этнаказка працягваецца…