Новыя турыстычныя маршруты, якія знаёмяць падарожнікаў з культурай і традыцыямі польска-беларускіх памежных тэрыторый, будуць створаны ў рамках праграмы, распрацаванай уладамі суседніх краін.

Прыступіць да рэалізацыі праектаў мяркуецца ў ліпені. Першымі будуць распрацаваны маршруты «Вандроўка ў этнаказку» і «Камунікацыя без межаў».

У мінулым годзе ў рамках праграмы быў запушчаны праект "Невядомая Еўропа", накіраваны на развіццё Гродзенскага рэгіёну, ён уключае стварэнне пешых і веласіпедных маршрутаў, выпуск даведніка па гэтай тэрыторыі і адкрыццё станцый пракату веласіпедаў і каякаў ў ваколіцах Гродна.

Згаданы вышэй праект «Камунікацыя без межаў» мяркуе адкрыццё пунктаў турыстычнай інфармацыі ў Гродзенскім рэгіёне, якія будуць супрацоўнічаць з аналагічнымі пунктамі ў Польшчы, дзякуючы чаму стане магчымым абмен турыстычнымі прапановамі.

Наш край у Беларусі мае назву Панёманне. Яго вылучаюць асобныя, па-свойму ўнікальныя, рысы ў традыцыйнай беларускай культуры. Ёсць свае адметнасці ў архітэктуры сялянскіх хат, планіроўцы сялянскіх двароў, у гутарцы мясцовых жыхароў, у дэталях нацыянальнага касцюма гарадзенцаў. А яшчэ ёсць асаблівасці ў стравах, гульнях, адметнасці святкавання святаў.

Менавіта зыходзячы з разумення месца і ролі этнічнай культуры ў перспектывах развіцця нацыянальнага турызму быў распрацаваны праект «Вандроўка ў этнаказку» на 2012–2014 гг. па праграме міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Польшча–Беларусь–Украіна» (2007–2013).

Турызм  прагне відовішчаў. На іх стварэнне кідаецца ўвесь патэнцыял гістарычнай, культурнай, прыроднай, анімацыйнай разнастайнасці, якой багата кожная мясцовасць. Сярод набыткаў, на якія ёсць немалыя спадзяванні, асобна выступае этнічная культура насельніцтва. У сённяшнім «гарадскім» свеце захаваныя рэшткі фальклорнай культуры выглядаюць экзотыкай, вабяць адметнасцю, а значыць, даюць магчымасць прыцягнуць увагу турыста. За гэтай меркантыльнай задачай стаіць і ідэалістычная мэта: праз этнічны турызм паспрыяць захаванню і росквіту беларускай культуры.

Зыходзячы з ўласных магчымасцей і маючы падтрымку з боку польскіх калег па турыстыцы, супрацоўнікамі ГрДУ імя Я. Купалы быў складзены праект, які ўключыў у кола актыўных дзеянняў розных партнёраў. Сам універсітэт разам з адукацыйнай і навуковымі магчымасцямі ў пытаннях турызму праводзіць маркетынгавыя і этнакультурныя даследаванні. Новай справай сталі адукацыйныя трэнінгі для спецыялістаў у турызме як нашых, так і польскіх. Праект таксама дазволіў стварыць на факультэце турызму і сэрвісу вучэбны сектар этнічнага турызму.

Рэалізацыя праекта «Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» з акронімам «Вандроўка ў этнаказку» разлічана на два гады. Лідэрам праекта выступіў ГрДУ імя Янкі Купалы. А яго партнёрамі сталі Агратурыстычная палата ў Сувалках (SIRT), Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей і гімназія № 1 імя Я. Ф. Карскага ў Гродне.

Плануецца стварэнне ва ўніверсітэце цэнтра этнакультурнага турызму, рэканструкцыя музея ў Гудзевічах і музея Яўхіма Карскага ў гімназіі. З польскага боку праект прадугледжвае стварэнне ў Сувальскім субрэгіёне новага этнатурыстычнага аб'екта – «Вёска казак». Пра тое, як будзе рэалізоўвацца праект, ішла размова на канферэнцыі, якая праходзіла ў Сувалках. У ёй прыняла ўдзел журналіст «ГП».

«Сувальшчына  край, як казка»