У рамках рэалізацыі праекта “Павышэнне прывабнасці трансмежнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» (акронім – “Вандроўка ў этнаказку”), ажыццяўляемага супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў межах Праграмы трансмежнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна 2007–2013, 17–18 жніўня 2013 года адбудзецца ЭТНАФЭСТ “Вандроўка ў этнаказку”.

У фестывалі прымуць удзел народныя і этнічныя калектывы, майстры народнай творчасці Гродзеншчыны і Сувальшчыны. Для удзельнікаў фестываля будуць арганізаваны анімацыйныя праграмы. Жадаючыя змогуць паспытаць свае сілы ў народнай творчасці пад кіраўніцтвам майстроў.

17 жніўня мерапрыемствы будуць праходзіць у в. Гудзевічы Мастоўскага раёна (карта).

18 жніўня – у горадзе Гродна ў Старым і Новым замках.

Другі этап фестываля адбудзецца ў г. Сувалкі (Рэспубліка Польшча) 24–25 жніўня.

Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у фестывалі.  

Рэалізацыя праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вандроўка ў этнаказку” ў межах праграмы трансмежнага супрацоўніцтва “Польшча–Беларусь–Украіна на 2007–2013гг.” працягваецца. Праект сафінансуецца Еўрапейскім Саюзам у межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

Новымі крокамі праекта сталі чарговыя трэнінгі па этнічнаму турызму, якія адбыліся ў красавіку і маі бягучага года. Зноў дванадцаць спецыялістаў турыстычнай дзейнасці з нашай краіны і Польшчы прынялі ў іх удзел, як на беларускім баку, так і на тэрыторыі Сувалкаўскага рэгіёна. Развіццё гэтай формы дадатковай адукацыі дае магчымасць супрацоўнікам факультэта турызму і сэрвісу назапашваць усё большы досвед у арганізацыі такога кшталту практычных заняткаў. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць надалей аптымізаваць адукацыйны працэс для студэнтаў турыстычных спецыяльнасцяў нашага ўніверсітэта.

У рамках рэалізацыі праекта “Павышэнне прывабнасці трансмежнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» (акронім – “Вандроўка ў этнаказку”) было праведзена даследаванне турыстычнага патэнцыялу трансмежнага рэгіёна. Вынікі гэтага даследавання адлюстраваны ў справаздачах. Дадзены матэрыял можа быць цікавым спецыялістам, якія працуюць у сферы турызму, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца адпачынкам у трансмежным рэгіёне.

Стварэнне навучальнага сектара этнічнага турызму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, турыстычнай інфраструктуры ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі, рэканструкцыя этнаграфічнага музея ў гімназіі № 1 імя Я. Ф. Карскага ў Гродне прадугледжваецца ў рамках праекта "Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Партнёрам з боку Польшчы ў ім выступае Агратурыстычная палата ў Сувалках. Рэалізацыя праекта пачалася з сакавіка 2012 года і будзе доўжыцца на працягу двух гадоў.

«Вандроўка ў этнаказку» - такую назву-акронім атрымаў гэты праект. Ён прадугледжвае шэраг маркетынгавых, адукацыйных і турысцка-прыкладных мерапрыемстваў. Як распавяла вядучы спецыяліст навучальнага сектара этнічнага турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Пячынская, гэта навучальныя трэнінгі для супрацоўнікаў турфірмаў і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін, навучальныя туры для журналістаў, семінары для студэнтаў, правядзенне канферэнцыі па праблемах этнакультурнага турызму і шэраг іншых мерапрыемстваў.