У рамках рэалізацыі праекта распрацоўваюцца і прапаноўваюцца ўвазе турыстам шэраг турыстычных этнакультурных маршрутаў з выкарыстаннем этнічнай і этнаграфічнай спадчыны Гродзеншчыны і Сувальшчыны. Большасць маршрутаў праходзяць праз экалагічна чыстыя тэрыторыі. У час такіх падарожжаў можна даведацца пра жыццё, побыт і культуру этнасаў і народаў рэгіёну (беларускага, літоўскага, польскага, татарскага, яўрэйскага), азнаёміцца  з  ўзорамі народнай архітэктуры, акунуцца ў разнастайны свет народнага майстэрства і творчасці, прайсці гасцінцамі міфалагічнага бога Белуна, і даведацца пра яго самыя запаветныя таямніцы, а заадно адпачыць у самых маляўнічых і райскіх куточках прыроды. Турыстычныя маршруты, аб'яднаныя ў серыю “Гудзевічы +”, даюць магчымасць наведаць новыя залы і цікавыя экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея ў в. Гудзевічы.

 

1.     Маршрут «Гудзевічы + Цуд народнага мастацтва»

А ці ведаеце вы, што паводле розных звестках існуе каля 2000 народаў свету? Усе яны засяляюць розныя куткі нашай планеты. І кожны з іх - гэта пазл, а  свет - складанка, якая паўстае перад намі ва ўсёй сваёй разнастайнасці і непаўторнасці. У кожнага з народаў свая гісторыя, свае таямніцы і місія. І кожны з іх сваёй дзейнасцюі творчасцю насычае яркімі фарбамі наш свет і  робіць яго лепшым, прыгажэйшым, дасканалым. І менавіта такая творчасць служыла адлюстраваннем індывідуальнасці кожнага з народаў свету…

Мы прапануем Вам зазірнуць у «беларускае люстэрка» і ўбачыць там цуд, сапраўдны цуд народнага мастацтва. Аднайменны турыстычны маршрут пазнаёміць Вас з этнакультурнай спадчынай беларускага народу: этнаграфічнымі і мастацкімі экспазіцыямілітаратурна-краязнаўчага музея ў в. Гудзевічы, народным майстрам і музыкамМ. Скрамблевічам, які прапануе майстар-клас у музеі драўляных народных інструментаў в. Адэльск, а  кульмінацыяй экскурсу ў свет народнай творчасці будзе знаёмства з гісторыяй і культурай горада-музея Гародні. Шматлікія помнікі архітэктуры і мастацтва горада не пакінуць Вас абыякавымі гэтак жа, як і сустрэчы з  народнымі майстрамі па скуры, гліне, дрэве, метале.   

 

2.     Маршрут «Гудзевічы + Шляхам драўлянага дойлідства»

Ні для каго не сакрэт, што камень, дрэва, скура і метал - гэта самыя распаўсюджаныя матэрыялы ў жыццядзейнасці кожнага чалавека. Выкарыстоўваюцца яны па рознаму, але кожнаму з іх адведзена асаблівая роля . Камень - гэта гарант надзейнасці і даўгавечнасці. Скура - трываласці і элегантнасці. А метал - паўсядзённы і самы распаўсюджаны памочнік для чалавека. Але мы прапануем звярнуць асаблівую ўвагу на матэрыял, які застаецца нязменным спадарожнікам на працягу ўсёй гісторыі існавання чалавецтва – на дрэвы. Дрэва - гэта не толькі хата чалавека, прадметы працы, побыту, творчасці, але і бясконцая крыніца і гісторыя жыцця. Драўлянае дойлідства - найбольш яскравы прыклад народнага гістарычнага пераўвасаблення…

У экскурсійным маршруце «Шляхам драўлянага дойлідства» можна ўбачыць помнікі архітэктуры, культуры і гісторыі г. Гродна, сустрэцца з народнымі майстрамі па мастацкай апрацоўцы дрэва, наведаць унікальныя драўляныя храмы, палацы і забудовы Гродзенскай вобласці, якія не пакінуць Вас абыякавымі: Вы будзеце прыемна здзіўлены і ўражаны.

(Лаша, Адэльск, Коматава, Кашубінцы , Жытомля, Новая Руда, Прывалкі, Парэчча)