Антураж металёвы галерыі “Тызенхаўза” у Гродне. Мастацкае жыццё горада  немагчыма ўявіць без дзейнасці галерэяў і выставаў. Галерэя “Тызенгаўза”, размешчана ў цэтры на плошчы, названай у гонар знакамітага падскарбія ВКЛ – А. Тызенгаўза.

Звычайны аматар мастацтва альбо турыст паспяшае сюды для знаёмства з найноўшымі экспазіцыямі, але наведвальнікаў заўсёды чакае і нязменная частка: аформлены ў метале ўваход і элементы інтэр’ера працы каваля Юрася Мацко. Закратаваны ганак, парэнчы і вакенцы ствараюць непаўторную старасвецкую атмасферу, а своеасаблівая сціснутасць прасторы і невялікія памеры каванага ганку ўдала падкрэсліваюць сувязь з эпохай Тызенгаўза. Відавочным з’яўляецца  жаданне каваля ажывіць мінулае, наблізіць яго да сучасніка. Асабліва вылучаецца сярод металічных элементаў высокая шыльда з назвай галерэі, выкананая ў класічнай для беларуска-польска-літоўскага памежжа манеры. Падобных па арыгінальнасці знаходак у Гародні няма, што падкрэслівае эксклюзіўны характар установы. Ступаючы па сходах да ўвахода, які ў галерэі “ад прыроды” вузкі, сутыкаешся з каванымі ў краты дзвярыма, сама прысутнасць якіх стварае адчуванне няўтульнасці, аднак гэта апошні фартпост перад сапраўднай нечаканасцю. Размешчаная ў скляпеннях галерэя выразна аскетычная ў напаўненні прасторы. Навідавоку толькі белыя тынкаваныя сцены і сціплыя, але адначасова захапляльныя кавальскія падстаўкі ды падвесы, на якіх мацуюцца творы майстроў. Гэтым простым па функцыянальным прызначэнні рэчам каваль надаў высокі мастацкі характар. Сярод падвесаў няма аднолькавых: раслінныя матывы спалучаюцца з традыцыйнымі чатырохкутнымі зоркамі альбо фантазіяй з артэфактамі. Жаданне майстра надаць кожнай рэчы індывідуальны характар, ператварае праход па ўсіх пакоях галерэі ў паляванне за новай формай. Гэтае вынаходніцтва каваля не дазваляе адвольна размяшчаць экспаніруемыя рэчы, абавязвае да пошуку спалучэння яе з падвесай. Дзякуючы апошнім кожны асобны малюнак быццам трапляе ў адмысловую рамку, што стварае дадатковыя ўражанні ад малюнкаў, гравюр ці фотаздымкаў. Неардынарнасць галерэі “Тызенгаўза” ў вырашальнай ступені вызначаецца яе каванымі “прынадамі”, якія ператвараюць яе ў прывабную “рамку” для твораў мастацтва.