Дзе шлях свой цярэбіць да Балтыкі Нёман,
Дзе дрэмле ўрачыста ў вяках Белавеж,
Дзе клікала ў бой з крыжакамі Пагоня 
там, родная мова, між нас не засьнеш!
Апанас Цыхун

 

Адрас: 230010,
г. Гродно,
пр. Я. Купалы, 82
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
сайт: http://www.gymn1.grodno.unibel.by

глядзець метку на карце

Музей створаны ў 1962 г. у в. Лаша Гродзенскага раёна. Стваральнік музея – Апанас Пятровіч Цыхун (1910–2005) – настаўнік, краязнаўца і паэт.

З 1995 г. – музей у сцянах гродзенскай гімназіі № 1. Унікальная экспазіцыя музея прысвечана заснавальніку беларускага мовазнаўства, ураджэнцу Гарадзеншчыны – Яўхіму Фёдаравічу Карскаму (1861–1930). 

Стварэнне музея стала пачаткам цэлага шэрага традыцыйных творчых спраў у гімназіі. На базе музея арганізавана дзейнасць юных экскурсаводаў. У розны час творчую працу ў музеі вялі Т. І. Еўтух, В. С. Шарова, І. Ф. Прытульчык, А. І. Зянько, В. Р. Карнялюк.

Галоўнымі раздзеламі музея з’яўляюцца – “Кабінет вучонага”, “Гісторыя музея”, “Апанас Цыхун – педагог, паэт, грамадзянін”, “Этнаграфічны куток”. Новым накірункам дзейнасці музея стала калекцыя рукапісаў дзеячаў беларускай культуры.

Сярод экспанатаў музея найбольш каштоўнымі з’яўляюцца асабістыя рэчы вучоннага. Гэта пяро, чарнільніца, прэс-пап’е, друкарская машынка. Часткаю калекцыі з’яўляюцца кнігі Я. Ф. Карскага, сярод якіх ёсць і прыжыццёвыя выданні. Увазе наведальнікаў прапанавана вялікая калекцыя сямейных фота вучонага.

У музеі вядзецца даследчая краязнаўчая праца вучняў і настаўнікаў, ладзяцца экспедыцыі, збіраюцца новыя экспанаты. Этнаграфічная калекцыя музея ўвесь час папаўняецца за кошт экспедыцыйных знаходак і падарункаў. Сярод іх – сані-“сучка” (Скідаль, пач. ХХ ст.), куфар ( Гродна, канец ХІХ ст.), дрэль, матавіла, калыска, шрубцынга, драўляныя шрубы, калаўроцік (Свіслацкі раён, в. Грынкі, 30-я гг. ХХ ст.), чорнадымны збан (Поразава, сяр. ХХ ст.), калекцыя даматканых вырабаў.

На сённяшні дзень увазе экскурсантаў прапанавана больш за 300 экспанатаў, якія адлюстроўваюць розныя іпастасі жыцця і дзейнасці славутага навукоўцы.

Музей падтрымлівае кантакты з даследчыкамі жыцця і дзейнасці Я. Ф. Карскага, вядзе перапіску са сваякамі Карскіх.

Зместам сваіх экспазіцый музей выступае важным звяном турыстычных вандровак па мясцінах Я. Ф. Карскага, звязаных геаграфіяй жыцця і навуковых пошукаў вучонага-мовазнаўцы.

Увазе наведвальнікаў музея прапануюцца пешыя і веласіпедныя экскурсіі “Па мясцінах акадэміка Я. Ф. Карскага”. Іх геаграфія ахоплівае ваколіцы Гродна, а музей у гімназіі можа стаць пачаткам такога вандравання.