Адрас: 231626, Гродзенская вобл.,
Мастоўскі раён,  в. Гудзевічы,
вул. Цэнтральная, 7,
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,

тэлефон:  (01515)38-7-82.

глядзець метку на карце

Час працы:  панядзелак–пятніца з 9.00 да 18.00,
субота–нядзеля з 9.00 да 17.00,
выхадныя – святочныя дні

Музей бярэ пачатак са школьнага музея ў 1968 г. Стваральнік музея – настаўнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі – Алесь Мікалаевіч Белакоз (нар. 1928 г.).

Экспазіцыі музея, размешчаныя ў дзесяці залах, прапануюць наведвальнікам пазнаёміцца з рознымі бакамі нацыянальнай культуры. Усе калекцыі музея складзены ў ходзе шматгадовай краязнаўчай дзейнасці А. М. Белакоза і яго вучняў,  іх дасканалага вывучэння свайго края. Вялікая частка экспанатаў падорана знакамітымі наведвальнікамі музея.

 Асобную месца у музеі займае этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата канца XVIII ст”.  Гэта адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага захаванага жылля двухсотгадовай даўніны.

У музеі можна пазнаёміцца з асноўнымі вехамі гісторыі нацыянальнай культуры, ў якую арганічна ўплецяны постаці мясцовых рупліўцаў духоўнай спадчыны. Фенаменальная калекцыя рукапісаў беларускіх пісьменікаў і паэтаў другой паловы ХХ ст., якая складае цэлую залу, паўстала з актыўнага ліставання з дзеячамі беларускай культуры. А побач з аўтографамі класікаў -  рукапісныя зборнікі вучняў гудзевіцкай школы  “Праменчык” – сведчанне вялікай педагагічнай працы.

Музей мае багатую карціную галерэю  такіх майстраў, як Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вячка Целеш, Алесь Ліпень, Дзмітры Іваноўскі, Уладзімір Кіслы, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Басалыга.

Наведвальнікі музея маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з штодзённым жыццём беларускага селяніна,   даведацца пра значэнне розных прыладаў  і прыстасаванняў сялянскай працы і побыту. Асобнае ўражанне на экскурсантаў аказвае калекцыя ткацкіх вырабаў, сярод якіх узоры знакамітага падвойнага ткацтва (залы “Лён і народнае ткацтва”, “Практычнае ткацтва”). Дарэчы, толькі ў гэтым музеі можна пазнаёміцца з усім цыклам апрацоўкі ільна – вялікага кавалка працы беларускай сялянкі.

Экспазіцыі даюць магчымасць не толькі пазнаёміцца, але па-новаму зразумець важныя рэчы беларускай культуры. Постаці Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы па асобаму паўстаюць перад гасцямі музея. Музей мае непаўторную ауру, якая народжана з такіх складальнікаў, як арыгінальнасць усіх экспанатаў, асабістая духоўная блізкасць аўтараў мастацкіх твораў да музея і яго стваральнікаў.

Музей будзе цікавым для кожнага наведвальніка. Матэрыялы залаў “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках” і “Гудзевічы ў мастацтве” дазволяць скласці цэласнае ўяўленне пра адметнасці гудзевіцкага краю ад старажытнасці да найноўшага часу.

Знакавае месца ў музеі займае зала “Народная медыцына”. Яе калекцыя сфарміравалася з дапамогаю збораў Зоські Верас. Зала адыгрывае ролю месца сустрэч, гутарак, дыскусій. Менавіта тут адбываюцца сустрэчы гасцей музея з яго заснавальнікам – Алесем Белакозам. Мудрыя словы старога настаўніка нікога не пакідаюць абыякавымі.

Музей увесь час развіваецца. У сцянах рэгулярна прапануюць увазе наведвальнікаў новыя часовыя экспазіцыі.

Калі ставіць за мэту пазнаёміцца з беларускай культурай – найперш трэба завітаць у Гудзевіцкі музей.