Адрас: 231322, Гродзенская вобласць,
Лідскі раён, п. Дзітва,
вул. Гагарына 11,
тэл. 57-72-40,  57-73-99

Музей ў Дзітвянскай школе існуе з 1997 г. Яго стварэнне – вынік працяглай краязнаўчай працы настаўнікаў і вучняў. Іх намаганнямі была складзена калекцыя, якая цяпер налічвае 168 экспанатаў.

У выніку актыўнага вывучэння народных традыцый края, вучні школы самі навучыліся некаторым элементам народных рамёстваў. Таму турысты  могуць не толькі ўбачыць тыя ці іншыя прылады працы, прадметы побыту ці нацыянальнага касцюма, але і даведацца пра пэўныя сакрэты народных майстроў.

Аснову музейнай экспазіцыі складае пакой вясковай хаты. У ім можна пабачыць традыцыйную планіроўку сялянскага дома, звярнуць увагу на печ, покуць, упрыгожванне ложкаў. Багата прадстаўлены ўзоры народнага ткацтва, самі прылады ткацкага майстэрства – калаўротак, кросны, матавіла. Асаблівае месца займае куфар – месца магчымага захаваня пасагу маладой дзяўчыны. У музеі вялікая колькасць разнастайных гаспадарчых рэчаў і прыстасаванняў: ліхтары, лямпы, прасы,  гліняны посуд.

Асобную прывабнасць  музею надае комплекснасць экспазіцыі, якая дазваляе экскурсанту пазнаёміцца з ўсімі асноўнымі рысамі сялянскай сядзібы рубяжа ХІХ-ХХ стст.

Адметнасцю музея з’яўляецца тое, што акрамя экскурсійнай праграмы, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з анімацыйнымі пастаноўкамі з элементамі дэманстрацыі песен, танцаў, вячорак.