Адрас: 231988, Гродзенская вобласць,
Свіслацкі раён, в. Корнадзь, 
тэл. 01513-25110.

глядзець метку на карце

Музей у сярэдняй школе в. Корнадзь пачаў працаваць ў 2005 г.  Цяпер гэты, па-свойму, унікальны музей налічвае каля 200 ручнікоў, а ўсяго – 280 экспанатаў. Яны розныя – на тканай аснове, грубыя і мяккія, з адбеленага кужалю…

Такая экспазіцыя стала магчымай дзякуючы   вучням і настаўнікам школы, якія сабралі гэту калекцыю. Акрамя саміх ручнікоў часткай гэтай калекцыі сталі архіўныя дакументы, успаміны вяскоўцаў, фальклорны матэрыял.

У музеі магчыма пазнаёміцца з ручнікамі розных строяў.

Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з экспазіцыямі “Ручнік – дарога чысціні”, “Вышыўка і ткацтва”, “Народны побыт”.

Той факт, што экспанаты выкарыстоўваюцца ў час інсцэніравання беларускіх абрадаў і святаў (напрыклад: Дажынкі, Уваходзіны, Благаславенне пад вянец і інш.), дае магчымасць не толькі правесці экскурсію па музею, але і пры замове прадэманстраваць пэўную анімацыйную праграму.

У музеі сканцэнтраваны багаты этнаграфічны матэрыял: традыцыйныя сельскагаспадарчыя і рамесніцкія прылады працы, драўляны і керамічны посуд, начынне з лазы, вырабы хатняга ткацтва. Значнае месца ў калекцыі займаюць прадметы ткацтва: калаўрот, трапала і часала льну, матавіла, чаўнакі, верацёны, варштат.

Важным элементам музея з’яўляецца тое, што у яго экспанатах і экскурсіях адлюстраваны сапраўдныя традыцыі Свіслацкага краю. 

"У некаторых сем’ях вісеў на кухні скарач – ручнік, сшыты з двух палотнішчаў з доўгімі махрамі на канцах. У іх насілі абед у поле. У вёсцы Верашчакі выкарыстоўваліся надзежнікі – палатняная накрыўка для дзяжы. Яе таксама ўжывалі на ўрачыстым паднашэнні хлеба-солі.  Сімвалічная ідэя дабра найбольш ёміста ўвасоблена ў ручніках-абыдзённіках і аброчных (абракальных) ручніках. Да звычаю іх калектыўнага вырабу – ад прадзення ніці і заканчэння ткацтва – звярталіся тады, калі трэба было адвесці ад вёскі бяду. Абыдзенны ручнік вывешвалі на драўляны крыж у пачатку ці на выездзе з вёскі”,  чытаем мы ў газеце пра корнадзеўскі музей. Калі вы хочаце даведацца больш пра беларускі ручнік, завітайце у школьны музей в. Корнадзь.

А. А. Кузьма