Адрас: 231737, Гродзенская вобласць,
Гродзенскі раён, в. Лойкі, д. 134А,

e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
тел. 918166, 918167

глядзець метку на карце

Багацце этнаграфічнага матэрыяла  “звычайнага” школьнага музея ў в. Лойкі, робіць гэты музей  вартым ўвагі кожнага турыста, які наведаў гэты край. Існуе музей з 1991 г., і за час свайго функцыянавання  яго экспазіцыя аформілася  ў пяць раздзелаў.

Раздзел “Мой родны кут” сваімі экспанатамі апавядае пра гісторыю в. Лойкі. Як кожная вясковая мінуўшчына, мінулае Лоек у асноўным забыта, бо слаба адлюстравана ў пісьмовых крыніцах.  Аднак жа наведвальнік музея, па сабранай краязнаўцамі  па крупіцам інфармацыі, здолее скласці гістарычны агляд  вясковага жыцця.

Побач з мінуўшчынай прадстаўлены фальклор мясцовасці. Тут народныя песні, мясцовыя анекдоты, тлумачэнні назваў вакольных вёсак, мікратапанімія рэгіёна.

Асобнае месца ў дадзеным раздзеле займаюць матэрыялы пра былыя помнікі садова-паркавага мастацтва. Прадстаўлены разнастайны жывёльны і раслінны свет, прадэмастраваны магчымыя шляхі адраджэння былых шляхецкіх “гнёздаў”.

Паводле зместу раздзела распрацаваны асобныя экскурсіі: “Пра што апавядае бабулін куфэрак”, “Песні роднага краю”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Людзі жывуць, пакуль памяць пра іх жыве”.

Свою частку адметнасці краю дэманструе экспазіцыйны раздзел “Хата – сусвет беларуса”. Тут наведвальнікам  можна будзе ўбачыць макет хаты, у якой кожны кут прадстаўляе пару года і дае магчымасць зразумець пэўныя побытавыя, сямейныя традыцыі. Кожны кут змяшчае адметную сімволіку і мае свае запамінальныя рысы. Тут таксама можна паглыбіць свае веды падчас экскурсійных праграм “Пад стрэхамі сялянскіх хат”, “Повязь часоў – беларускі ручнік”, “Вышыванне як від мастацтва”.

Важны бок  нашай культуры дэманструе яшчэ адзін раздзел  музея – “Хлеб – наша багацце”. Са зместу экскурсій “Мой край, мой бульбянажытны”, “Шлях хлеба на стол. Мінулае і сучаснасць” экскурсанты дакрануцца да культуры земляроба – асноўнага  працаўніка нашай зямлі.

Для таго, каб скласці цэласнае ўяўленне пра культуру і быт рэгіёна, прапануецца аднайменны раздзел, які ўмяшчае ў сябе экспанаты  пра рэлігійнае жыццё людзей, народныя промыслы і рамёствы, штодзённае жыццё сялян. І зноў, каб больш даведацца, можна пазнаёміцца з экскурсіямі: “Сакрэты землекарыстання ў сялян”, “Рэлігійная культура рэгіёна”, “У адзінстве з прыродай”.

Візіт у музей – добрая магчымасць дакрануцца да той мясцовасці, дзе арганізаваны адпачынак турыста. У школьны музей  можна завітаць падчас веласіпеднай  вандроўкі ці пешага паходу, у ходзе шматэтапнай экскурсіі і ў час адпачынку ў бліжэйшай аграсядзібе. Магчыма загадзя замовіць экскурсію ці пазнаёміцца з экспазіцыяй музея самастойна. Гаспадары музея будуць удзячны кожнаму зацікаўленаму наведвальніку.

А. А. Кузьма