ГОЛДАЎСКАЯ ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ  (в. Голдава Лідскага раёна) – помнік драўлянай архітэктуры 1795 г.: пабудавана па фундацыі Ф. Важынскага (рэканструяваная ў ХІХ ст.). Перад царквой устаноўлена двух’ярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі.

Будынак царквы складаецца з прамавугольных у плане бабінца і асноўнага зруба, пяціграннай апсіды з нізкай рызніцай. Над бабінцам – чацвярык званіцы, накрыты шатром з цыбулепадобнай галоўкай на 8-гранным барабане. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Сцены царквы ашаляваны. Аконныя праёмы лучковыя, размешчаны ў верхняй частцы сцен. Бабінец асвятляецца 2 люкарнамі, размешчанымі абапал увахода. Інтэр’ер царквы зальнага тыпу. Тры дзвярныя праёмы, якія звязваюць бабінец з асноўным памяшканнем, абрамляюць шырокія масіўныя ліштвы. Над уваходам – хоры. Апсіда адмежавана 2-ярусным драўляным іканастасам, выкананым у ХІХ ст., расчлянёным вытанчанымі калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, дэкараваным накладной пазалочанай арнаментальнай разьбой.