Адрас: 231626, в. Гудзевічы, вул. Цэнтральная, 7,
Гродзенская вобл., Беларусь.
E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
Тэл.: 8 (01515) 38-7-82.
Працуе:  пан.-пятніца з 9.00 да 18.00,
субота-нядзеля з 9.00 да 17.00, выхадныя - святочныя дні. 

ГУДЗЕВІЦКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ (в. Гудзевічы,  Мастоўскі раён). У 1968 г. настаўнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі А.М. Белакоз стварыў у СШ літаратурны музей, які праз некалькі дзесяцігоддзяў стаў дзяржаўным музеем.

Сёння разнастайныя ў плане нацыянальнай культуры экспазіцыі музея размяшчаюцца ў дзесяці залах. Усе калекцыі складзены ў ходзе шматгадовай краязнаўчай дзейнасці А.М. Белакоза і яго вучняў. Вялікая частка экспанатаў падорана знакамітымі наведвальнікамі музея. Асобную частку складае этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата канца XVIII ст.” – адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага захаванага жылля двухсотгадовай даўніны. У музеі можна пазнаёміцца з асноўнымі вехамі гісторыі нацыянальнай культуры, у якую арганічна ўплецены постаці мясцовых рупліўцаў духоўнай спадчыны. Фенаменальная калекцыя рукапісаў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў другой паловы ХХ ст., якая складае цэлую залу, паўстала дзякуючы актыўнаму ліставанню з дзеячамі беларускай культуры. А побач з аўтографамі класікаў - рукапісныя зборнікі вучняў школы “Праменчык” – сведчанне вялікай педагагічнай працы. Музей мае багатую карцінную галерэю такіх майстраў, як Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вячка Целеш, Алесь Ліпень, Дзмітры Іваноўскі, Уладзімір Кіслы, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Басалыга. Увазе наведвальнікаў прапануюцца экспанаты са штодзённага жыцця беларускага селяніна, розныя прылады і прыстасаванні сялянскай працы і побыту, калекцыі ткацкіх вырабаў, сярод якіх узоры знакамітага падвойнага ткацтва (залы “Лён і народнае ткацтва”, “Практычнае ткацтва”); можна пазнаёміцца з цыкламі апрацоўкі лёну. Музей мае непаўторную аўру, якая народжана з такіх складнікаў, як арыгінальнасць усіх экспанатаў, асабістая духоўная блізкасць аўтараў мастацкіх твораў да музея і яго стваральнікаў. Матэрыялы залаў “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках” і “Гудзевічы ў мастацтве” дазволяць скласці цэласнае ўяўленне пра адметнасці гудзевіцкага краю ад старажытнасці да найноўшага часу. Знакавае месца займае зала“Народная медыцына”. Яе калекцыя сфармавалася з дапамогаю збораў Зоські Верас. Зала адыгрывае ролю месца сустрэч, гутарак, дыскусій. Менавіта тут адбываюцца сустрэчы гасцей з яго заснавальнікам – А. Белакозам. Мудрыя словы старога настаўніка нікога не пакідаюць абыякавымі. Музей увесь час развіваецца, ствараюцца новыя часовыя экспазіцыі. 

+