глядзець метку на карце

Дом рамёстваў, дом майстра,  дом рамесніка – назвы аднаго з 20 тыповых будынкаў на сучаснай вуліцы Э. Ажэшкі, пабудаваных архітэктарам І. Г. Мёзерам (па дадзеным І. Трусава – Д. Сака) у часы рэформ А. Тызенгаўза для замежных майстроў, запрошаных ім для працы на ствараемых мануфактурах у Гродне.

Дом у стылі барока са спалучэннем класічных форм быў пабудаваны ў 1768–1773 гг. гродзенскімі мулярамі і цеслярамі з выкарыстаннем новых для таго часу канструкцый і эканамічным спалучэннем розных будаўнічых матэрыялаў. Бакавыя і задняя сцены аднапавярховага з мансардай  дома выкананы з брусоў таўшчынёй 25 см, а галоўная фасадная сцяна выкладзена з цэглы і атынкавана. Даўжыня дома па вулічнаму фасаду – каля 8 м, па бакавым сценам – 9 м, вышыня столі – 2,5 м.

Дом мае фігурны франтон, які  ўпрыгожвае яго і надае сваеасаблівасць. 2-схільны дах накрыты дахоўкай. На першым паверсе два жылых пакоя, кухня і сені, з якіх лесвіца вядзе на мансарду. Дом рамёстваў рэстаўраваны ў 1990 г. па праекце  У. Барсукова  В. Калніна. Капітальны рамонт адбыўся ў 20112012 гг.

 З 1994 г. у доме рамесніка знаходзіцца музей “Гісторыя Гарадніцы”. У фае змешчана выстава-продаж творчай прадукцыі народных майстроў: вырабы са скуры, саломкі, гліны, тканін (цацкі, сурветкі, лялькі-абярэгі, вышыўка), карціны самабытных мастакоў.  У першай зале (былы жылы пакой) наведвальнікі знаёмяцца з вынікамі дзейнасці рэфарматара А. Тызенгаўза і яго паплечнікаў, гісторыяй Гарадніцы, прадукцыяй мануфактур. У былой кухні створаны інтэр’ер кухні гараджаніна канца ХVІІІ ст.: печ, мэбля, посуд. У былых сенях стаіць куфар, экспануюцца прылады працы рамесніка. Зала 3 (другі жылы пакой)  выставачная, яна прысвечана пастаянна зменяючым экспазіцыям – тут выстаўляюцца сучасныя народныя майстры Гродзеншчыны са сваімі вырабамі. З 2010 г. адбыліся выставы “Пляценне – традыцыйны беларускі промысел”, “Дрэва ў сялянскім побыце”, “Споведзь маёй душы” (карціны Л.М. Шпектаравай), “Мазаіка з тканіны” (А.С. Чумрай), "Прыгажосць вакол нас" (скураныя вырабы І. Булаевай  і працы з паперы  ў тэхніцы “дэкупаж” Л. Рыбак), "Беларуская народная цацка" (Т.С. Шубіна, С.М. Круглаполава, В.Ю. Аліфанава) і іншыя.