Шпектарава Лідзія Міхайлаўна (нар. 20.06.1944), гродзенская самадзейная мастачка інсітнага (наіўнага) напрамку, керамістка, чалец народнага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт”. З дзяцінства захаплялася рысаваннем, але толькі пасля 36 гадоў працы мадэль’ерам на гродзенскай абутковай фабрыцы, стаўшы пенсіянерам, сур’ёзна занялася творчасцю. На палотнах жывапісу Ш. пануе мажорны настрой і светлыя фарбы, шмат зеляні і сонца. Аўтар любіць маляваць прыродныя краявіды: “Рамонкі”, “Макі”, “Родныя прасторы”, “Зімовы дзень, “Зімовы вечар”, “І зноў буслы збіраюцца ў вырай”, другі аб’ект малявання – Барысаглебская царква, яе мастачка паказвае ў розных ракурсах. Многія карціны Ш. упрыгожваюць прыватныя калекцыі ў Польшчы, Расіі, Германіі, Венгрыі, Беларусі. Керамікай пачала займацца разам з унукам Артурам у Т.С. Шубінай. Стварае свой свет звяроў і птушак, робіць званочкі і падкоўкі, магніцікі і свістулькі, абярэгі. Асалоду атрымліваешь ад яе керамічных пано, на якіх карцінкі з прыроды: страказа разправіла свае празрыстыя крылы, цапля заціхла сярод камышоў, козачка забаўляецца з казлёнкам і д.п.

З 2005 г. прымае актыўны ўдзел у гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных (Літва, Польшча) выставах, кірмашах,  а з 2006 г. дэманструе і керамічныя вырабы. Часам яны спалучаюцца ў адных выставах. У 2010 г. адбыліся персанальныя выставы мастацкіх твораў і керамічных вырабаў у Гродне “Сповядзь маёй душы” і ў г. Рэйне (Германія). Прыняла ўдзел у ІV Нацыянальнай выставе “Інсіта 2012” (Віцебск). І як раней за працу мадэльера атрымоўвала дыпломы і медалі ВДНГ СССР і БССР, цяпер  атрымоўвае  дыпломы за народную творчасць – лаўрэата ІІ Нацыянальнай выставы “Жывыя крыніцы” (Мінск, 2005), VІІ Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур (Гродна, 2008), ІІІ Нацыянальнай выставы “Інсіта 2008” (Віцебск).

В. В. Швед