Шубіна Таццяна Сямёнаўна (нар. 14.07.1949 г., г. Ташкент, Узбекістан) гродзенскі народны майстар-кераміст, педагог, чалец аб’яднання “Гарадзенскі каларыт”. У Гродна жыве і працуе з 1957 г.

Пасля заканчэння педінстытута імя Я. Купалы (1971) працавала ў дзіцячым садку, дзе і пачала займацца керамікай, якая захоплівала з дзяцінства. У 1979-1995 гг. выкладала малюнак і лепку у Гродзенскім педагагічным вучылішчы. У 1990 г. яе выхаванцы атрымалі на ВДНГ СССР у Маскве дыплом, а яна – срэбны медаль. Робіць разнастайныя гліняныя вырабы – цацкі, плакеткі, вольныя кампазіцыі. У цацках увасабляецца жывёльны свет – птушкі, сабачкі, кароўкі, конікі і т.д.: "Вершнікі", "Пеўнік", "Зубр", "Баран" – сапраўдныя творы мастацтва, дзе праявілася багатая фантазія, прафісіяналізм і творчы густ майстра. У плакетках бачны кветкавыя матывы, раслінныя арнаменты.

Любімай тэмай у кераміцы з’яўляюцца лялькі. Спачатку творчасці  для Ш. была бліжэй дымкаўская лялька (вырабы з чырвонай гліны, пафарбаванай чырвонай, сіняй, залатой фарбай) і філімонаўская (пры лепцы выраб крыху выцягваецца ў вышыню). Цяпер большая колькасць цацак гліняных беларускія, якія прыцягваюць увагу не яркімі колерамі фарбы, а цеплынёй натуральнай гліны і мяккімі лініямі. У 1995- 2012 г. працавала ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Яе выхаванцы ўмеюць рабіць керамічныя пано, беларускія цацкі, сувеніры. Мы можам убачыць лісу з балалайкай, зайца са скрыпкай, мядзведзя з гармонікам. Цікавыя калектыўныя творы настаўніка і дзяцей – керамічныя кампазіцыі "Вандроўныя музыкі", “Птушкі і жывёлы Беларусі”. Частка яе гуртоўцаў – дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і лепка дапамагае ім развіваць рукі, наблізіць да сябе навакольны свет. Запамінальнай была паездка ў Германію (1995 г.).  Пастаянна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх (“Жывое дрэва рамёстваў” у Мінску; “Славянскі базар” у Віцебску), міжнародных (Польшча, Літва) выставах. У 2004 г. атрымала прэмію імя Дубко Гродзенскага аблвыканкама.

В. В. Швед