Поразаўскі  цэнтр ганчарства, у якім   вырабляюць чорнаглянцаваны посуд. Існуе ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна з канца ХІХ ст. па сённяшні час. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. налічвалася каля 200 майстроў.  

У перыяд з 1935 па 1998 г. ганчарствам займаліся сем’і Шопікаў, Шалкевічаў,  Раманоўскіх, Сакалоўскіх, Дмухоўскіх, Бараноўскіх, Белуга, Пінюта і інш. Поразаўскія майстры рабілі вырабы, выцягнутыя па вертыкалі і звужаныя знізу, маючыя вельмі старажытны геамятрычны дэкор у выглядзе палосак, сеткі, елкі, вядомы з часоў жалезнага веку. Дэкор наносілі на падсохшы выраб гладкім цвёрдым прадметам (лашчылам), затым яго абпальвалі ў зачыненай печы без доступу кісларода. У выніку ўзаемадзеяння вокісі вуглярода (угарнага газу) са злучэннямі жалеза посуд набываў чорны або сіневаты колер.

На шурпатай матавай паверхні вырабу эфектна выдзеляецца дэкор з характэрным для яго металічным бляскам. Поразаўскія вырабы па форме і дэкору  найбольш зграбныя і апрацаваныя. Лінія іх сілуэта энергічна, выразна, дэкор падкрэслівае пластычнасць і прыгажосць матэрыяла. Поразаўскія майстры выраблялі міскі (малыя да 1 л., сярэднія да 1,5 л., вялікія да 3 л.); гаршкі ( пітушкі да 1 л., саганчыкі да 2 л., скляннікі 3 л., сярэднікі да 10 л.); бабачнікі, рынкі і інш.Калекцыя такога посуду пач. 20 ст., якая экспанавалася на Віленскай саматужніцка-прамысловай выстаўцы ў 1913, збергаецца ў Музеі старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклора АН Беларусі. У сучасны час поразаўскія майстры працуюць у традыцыйнай форме ганчарства. Зніжэнне попыту на поразаўскія вырабы прывяло да упадку ПЦГ. Калекцыі Поразаўскай керамікі зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ, Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі і інш.