Вытокі ганчарства можна знайсці ў археалагічнай культуры, сфармаванай носьбітамі Нёманскай мезалітычнай культуры, якія жылі ў 8-5 тысячагоддзях да н.э.

Для керамікі характэрныя на 1 этапе развіцця вострадонныя слабапрафіляваныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, у якіх прыкметны валакністыя раслінныя дамешкі. Пад краям венчыкаў быў шэраг глыбокіх круглых ямак, а арнамент складаўся з гарызантальных паясоў грабеньчатых адбіткаў, насечак, наколаў, пракрэсленых рысак. На 2 этапе Нёманскай культуры гаршкі мелі выразную шыйку, у гліне зніклі раслінныя дамешкі, паверхня пасудзін робіцца гладкай, ямкі пад венчыкамі замяняюцца глыбокімі наколамі, да ўзораў ранейшага арнаменту дабаўляюцца адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю, часта сустракаюцца наколы. Форма посуду на 3 этапе захоўваецца ранейшая, але на яе паверхні з’яўляецца заштрыхоўка, пад край венчыка вяртаюцца круглыя ямкі, у арнаменце выкарыстоўваюцца адбіткі лінейнага штампа, шнуравыя ўзоры. Нашчадкі носьбітаў Нёманскай культуры ў пачатку 2-га тысячагоддзя да н. э. суіснавалі з носьбітамі культуры шнуравой керамікі, што паўплывала на іх ганчарства. У форме вырабаў эпохі неаліту бронзы і жалеза прасочваюцца асноўныя мадэлі посуду, якія ў Панямонні ўстойліва захаваюцца да сярэдзіны 1950-х гг. Са з’яўленнем у Х ст. ганчарнага круга ганчарства вылучылася ў спецыялізаванае рамяство. Вырабы набываюць больш зграбны выгляд, паверхня часам даводзіцца да бляску, пакрываецца арнаментам. Яны абаранялі сваіх чальцоў ад эксплуатацыі з боку феадалаў. Так, напрыклад, у 1601 г. ганчары Крэва скардзіліся на старасту, які кожны год браў з іх па 10 грошаў і гаршкі. Цэхавая арганізацыя спрыяла ўдасканальванню рамесніцкіх навыкаў, распаўсюджванню дасягненняў у тэхніцы ганчарства. Рамеснікі з ліку прыгонных, якія не падлягалі магістрату і не ўваходзілі ў цэх, маглі займацца ганчарствам толькі з дазволу старэйшага майстра і з умоваю прытрымлівацца артыкулаў цэхавага статута. Сельскія ганчары па-ранейшаму за-давальнялі ўласныя патрэбы ў посудзе нешырокага асартыменту і архаічных формаў, вырабленых у тэхніцы ручной лепкі. Тэхналогія і характар вясковага ганчарнага рамяства амаль не закранулі новыя павевы і знешнія ўплывы, некаторыя старажытныя праявы яно захавала да ХХ ст. З канца ХІХ ст. адрозненні паміж вясковым і гарадскім рамяством сціраюцца, абодва арыентуюцца на небагатых сельскіх і местачковых спажыўцоў, а прадукцыя адлюстроўвае мясцовыя густы і традыцыі. Таму практычна пра ўсё Г. канца ХІХ – пачатку ХХ ст. можна гаварыць як пра народнае, за выключэннем кафлі. У многіх вёсках Панямоння ў гэты час працавалі 1-2 ганчары, што абслугоўвалі патрэбы аднавяскоўцаў і бліжэйшага наваколля. Цэнтры ганчарства ХІХ – перш. пал. ХХ ст. размяркоўваліся ў наступных населеных пунктах: Гродна, Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жалудок Шчучынскага р-на, Заблоцце, Крэва і Курнікі Смаргонскага р-на, Заборцы і Міхалішкі Астравецкага р-на, Ладзенікі, Лазені, Брэцянка, Малыя Карнышы Навагрудцкага р-на, Ліда, Мір Карэліцкага р-на, Морына і Крывічы Іўеўскага р-на, Пясчанка і Скідзель Гродзенскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на. У Заходняй Беларусі перад вайной ганчарствам займаліся індывідуальна, выраблялі пераважна гаспадарчы посуд простых формаў. Пасля вайны ў ганчарных асяродках былі створаны арцелі, якія ў 1950-я гг. зачынілі, а ў 1960 г. на іх базе стварылі дзяржаўныя прадпрыемствы. У наш час Г. існуе на некаторых прадпрыемствах мясцовай прамысловасці. Напрыклад, на Ваўкавыскім вытворчым аб’яднанні будаўнічых матэрыялаў, які з 1981 г. уключае завод сілікатнай цэглы, лесазавод, завод па вытворчасці керамічнай цэглы і кафлі, цэх клеявой стужкі. Асноўная прадукцыя ў 1996 г.: цэгла сілікатная і керамічная, кафля печная, стужка клеявая папяровая, сталярныя вырабы, школьны мел. Мастацкія якасці гліняных вырабаў залежалі ад тэхналагічных аперацый: абварвання (гартавання), задымлення, глазуравання. У працэсе загартоўкі ў мучной абвары посуд пакрываўся чорна-карычневымі плямамі, эфектна раскіданымі па шурпатай тэракотавай паверхні. У Панямонні цікавы мастацкі эфект дасягаўся спалучэннем абварвання з фармоўкай налепам, якая існавала аж да сярэдзіны ХХ ст. З ХІІ-ХІІІ ст. вядома задымленая кераміка і яе разнавіднасць – чорнаглянцаваная. Глазураванне вядома з часоў позняга Сярэднявечча, але распаўсюджвацца стала ў канцы ХІХ – перш. пал. ХХ ст. Палiва не толькі палепшыла знешні выгляд вырабаў, але і абагаціла іх у дэкаратыўных адносінах. Вонкавую паверхню посуду звычайна глазуравалі не цалкам, а толькі ў верхняй частцы, і яркія бліскучыя пацёкі прыгожа кантрасціравалі з мяккім тэракотавым колерам ніжняй часткі вырабу. Самыя раннія гліняныя вырабы мелі вастра- і кругладонную форму (гаршкі і кубкі). Рэшткі ганчарных вырабаў знаходзяць пры раскопках неалітычных стаянак першабытных людзей. У бронзавым веку распаўсюджаным стаў пласкадонны посуд, у карыстанне ўвайшлі прафіляваныя гаршкі для гатавання і захоўвання ежы, кубкі, міскі. Гліняныя пасудзіны ўжываліся для пахавальных абрадаў. У Х-ХІІІ стст. асартымент ганчарных вырабаў пашырыўся: гаршкі, латушкі для смажаніны, карчагі для вадкасцей, міскі, гарлачы, кубкі, а таксама галаснікі, каганцы, плінфа, маёлікавая плітка і інш. У ХІV ст. з’явіліся кафля і дахоўка. Кафля – керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў, які патрапіў на Беларусь з Германіі (ад ням. kachel – гліняны посуд). Першая кафля нагадвала звычайны гаршчок выцягнутай цыліндрычнай формы і таму называлася гаршковай. Яе вусце спачатку круг, у ХV-ХVІ стст. набыла выгляд 4-пялёсткавай разеткі, а потым квадрата. З ХV ст. з’явілася каробкавая кафля, вонкавая пласціна якой аздаблялася рэльефным арнаментам. У перш. пал. ХVІ ст. пачалі пакрываць зялёнай, а крыху пазней шматколернымі палівамі. У эпоху Адраджэння (ХVІ перш. пал. ХVІІ ст.) на кафлі сталі маляваць выявы мужчын і жанчын у рэнесансных строях, сцены палявання, вазоны або букеты кветак ў гаршку. У ХVІ ст. з рамеснікаў па вырабу кафлі вылучаюцца майстры, якія займаюцца ў асноўным будаваннем пячэй, якія становяцца неад’емнай часткай архітэктурнага збудавання і яго асяроддзя. Кафля перыяду ман’ерызму багата дэкарыруецца геаметрычным альбо раслінным арнаментам, падпарадкаваным чатырохчленнай сіметрыі. У часы барока (ХVІІ – сяр. ХVІІІ ст.) выраблялі кафлю з гербамі і манаграмамі беларускіх магнатаў і шляхты, гербамі горада, часам каталіцкага ці ўніяцкага ордэна; з выявамі чалавечага твару, з адбіткамі дат. На вонкавай пласціне кафлі гэтага перыяду абавязковай была васьмівугольная або авальная рамка, у якой маглі змясціць выяву букета кветак, конніка, манаграму і г. д. Кафляная печ набывае барочную прафіляваную форму з мноствам розных тыпаў кафлі. У канцы ХVІІ ст. з’явілася бязрамная “дывановая” кафля, з якой выкладвалі вялікія ўзоры на ўсю кафляную печ. Люстэрка печы стала насіць выражаны дывановы малюнак. Печы эпохі класіцызму (2-я пал. ХVІІІ ст. – пач. ХІХ ст.) складаліся з роўнай гладкай кафлі, і толькі гзымсы і каронкі мелі рэльефны дэкор. Асноўным элементам пячэй застаецца цэнтральная частка ў выглядзе картуша з размешчанай ў ім алегарычнай выявай, жанравай сцэнай ці пейзажам. У часы мадэрну (канец ХІХ – пач. ХХ ст.) вонкавыя пласціны кафлі зноў сталі пакрываць рэльефным арнаментам. Панавалі манерныя адцягненыя матывы, павойныя кветкі, багавінне, балотныя выявы. Век машын прывёў да выкарыстання ў кафлярстве штампаў і прэсаў. Прадукцыя набыла характар простых, гладкіх маламастацкіх і зусім не мастацкіх вырабаў. Дахоўка, чарапіца (з ХІХ ст.) – кровельны матэрыял, зроблены з тлустай і пластычнай гліны, які характарызуецца трываласцю, даўгавечнасцю, вогнестойкасцю, вялікай вагой і крохкасцю. Выраблялі мясцовыя ганчары разам з кафляй і посудам. Трапіла ў Беларусь з Паўночнай Германіі адначасова з ганзейскімі рамеснікамі. Найбольш старажытныя формы беларускай дахоўкі знойдзены ў Лідскім, Навагрудскім, Крэўскім замках (ХІV-ХV стст.). Уяўляюць сабой паўцыліндрычны жолаб з высокім (да 6 см) мацавальным шыпам. У ХV-ХVІІ стст. распаўсюджваецца плоская дахоўка, а жалабатая выкарастоўваецца толькі для пакрыцця сутыкаў і вуглоў даху. Плоскія формы дахоўкі розняцца галоўным чынам формай мацавальнага шыпа. У ХVІ ст. вытворчасць дахоўкі павялічваецца, пры археалагічных раскопках сустракаюцца экзэмпляры, пакрытыя зялёнай палівай. На мяжы ХVІІ-ХVІІІ стст. з’яўляецца хвалістая дахоўка (“галандская”). Дахоўка адыграла пэўную ролю ў дэкаратыўным аздабленні храмаў, палацаў і замкаў. У 1920-х гг. яе працягвалі вырабляць у Панямонні. У перыяд позняга феадалізму сталі больш пашыраныя талеркі, крынкі і інш. У ХІХ – пач. ХХ ст. рабілі посуд для гатавання (гаршкі, макотры, пражэльнікі, рынкі, цадзілкі, адстойнікі), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (збаны, карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы і і інш.), сталовы посуд (міскі, паўміскі, кубкі, хлебніцы, маслёнкі, чайнікі, імбрычкі і інш.), рэчы рознага гаспадарчага ўжытку (рукамыі, паілкі, пасудзіны для гонкі дзёгцю і інш.), дэкаратыўную кераміку (фігурны посуд, скульптуру малых формаў у выглядзе жывёл, букетнікі, вазоны і інш.), цацку гліняную. У ХХ ст. асартымент ганчарных вырабаў звузіўся. Яго вытворчасць была арганізавана на прадпрыемствах, дзе асноўныя працаёмкія працэсы механізаваны, як, напрыклад, на Ваўкавыскім вытворчым аб’яднанні будаўнічых матэрыялаў. У гісторыка-краязнаўчых і краязнаўчых музеях Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Свіслачы, Слоніма ганчарныя вырабы (посуд, будаўнічыя матэрыялы, дэкаратыўна-мастацкія рэчы) Панямоння прадстаўлены вельмі добра: розных эпох, розных формаў і тыпаў. Яны могуць быць выкарыстаны як аб’екты экскурсій па тэматычнаму маршруту “Панёманская кераміка” або падчас аглядна-пазнавальнай экскурсіі па вызначаных рэгіёнах. Галаснікі, плінфу, маёлікавую плітку можна ўбачыць на помніках гродзенскай школы дойлідства, цэглу – на сценах Лідскага і Старога Гродзенскага замкаў.