На думку даследчыкаў, салома, як матэрыял для пляцення, стала выкарыстоўвацца яшчэ некалькі тысяч год таму ў сувязі з развіццём земляробства.

Яна выкарыстоўвалася як для вырабу рэчаў гаспадарча-бытавога прызначэння, так і ў абрадава-рытуальных мэтах. З цягам часу гэтыя функцыі саломы становяцца другаснымі. Акрамя таго багаты асартымент саламяных вырабаў часам не дазваляў іх аднесці толькі да бытавых ці рытуальных прадметаў.

На першы план выходзіць дэкаратыўнае прызначэнне: для аздаблення інтэр’ера альбо выкарыстанне як найлепшага сувеніра з беларускай зямлі. Сучасныя майстры саломапляцення ствараюць высокамастацкія творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю.

Няспынны пошук у галіне формаў і дэкору, разнастайнасць аўтарскіх почыркаў і тэматычнае багацце вызначае творчасць многіх майстроў-сучаснікаў.

Разам з тым, некаторыя ўзоры сучасных саламяных вырабаў можна было ўбачыць сто–дзвесце год таму ў выкарыстанні беларусаў. Так, мужчынскі галаўны ўбор – капялюш (брыль) – з’яўляўся неад’емнай часткай касцюма. Яго форма і тэхніка стварэння засталася практычна нязменнай.

Новаўвядзеннем у саломапляценні можна лічыць жаночыя галаўныя ўборы. Неабходна зазначыць, что жаночыя галаўныя ўборы ў традыцыйны беларускі касцюм не ўваходзілі. Аднак сёння пры іх стварэнні майстры праяўляюць вялікую фантазію. Найперш, гэта заўважна ў дэкаратыўных элементах. Форма таксама даволі разнастайная: капялюшы з рознай шырынёй палёў, вяночкі, абручыкі і сапраўдныя “кароны”. Знайсці капялюшы традыцыйных формаў можна ў Тамары Касьян (г. п. Бераставіца), Валянціны Краўчук (г. Гродна) і іншых. Арыгінальныя і невычайныя жаночыя галаўныя ўборы назіраем ў Ганны Яўхімчык (в. Верцялішкі, Гродзенскі раён) і Алы Сурмінавай (г. Ваўкавыск).

Прызначэнне саломапляцення практычна не змяніла свой характар: яно захавала утылітарна-практычную функцыю, з якой арганічна спалучаецца мастацка-дэкаратыўная. Найбольш ярка і выразна дэкаратыўныя якасці саломы выявіліся ў разнастаўных куфэрках і скарбонках.

Нягледзячы на страту магічнай функцыі, працягваецца традыцыя стварэння “павукоў” – даволі незвычайных твораў аб’ёмна-прасторавага характару. Сёння іх можна ўбачыць практычна ў кожным Доме рамёстваў Гродзенскай вобласці.

Меншай папулярнасцю карыстаюцца калядныя маскі. Разам з тым іх налічваецца далёка не адзінкі.

Для большасці сучасных майстроў-саломапляцельшчыкаў любімы жанр – выраб разнастайных фігурак жывёл і птушак. Такія традыцыйныя вобразы дазваляюць не адрывацца ад народнай асновы, разам з тым удасканальваць формы па сродках прымянення розных тэхнік пляцення: птушкі Ганны Яўхімчык (в. Верцялішкі, Гродзенскі раён), жывёлы Марыі Шылкоўскай (в. Ходараўцы, Лідскі раён).

Яшчэ адным прыкладам развіцця пластычный творчасці на Гродзеншчыне з’яўляецца папулярны выраб саламяных лялек і цацак розных памераў. Дарэчы, пры стварэнні лялек у нашым рэгіёне даволі часта ўжываюцца змешаныя матэрыялы і разнастайныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вялікага размаху дасягнула тэндэнцыя стварэння дэкаратыўных пано, кветак, вазаў і іншых прадметаў мастацкага аздаблення інтэр’ера. Па сутнасці прызначэнне такіх вырабаў носіць выставачны характар. Гэта якраз той выпадак, калі традыцыйны від творчасці набывае новае гучанне і пераасэнсаванне. Сёння на выстаўках і кірмашах можна ўбачыць музычныя інструменты, ветракі, карабелі, жаночыя ўпрыгожванні і іншыя незвычайныя вырабы з саломкі.


Пра высокі ўзровень саломапляцення на Беларусі ў старажытнасці сведчаць царскія брамы канца 18 – 19 стст. (захаваліся адзінкі). Гэтыя творы – сапраўдныя шэдэўры народнага мастацтва. Сям’я Блудавых з г. Гродна паспрабавала стварыць копію такой брамы.

 

Гэта яшчэ раз падкрэсліла, што сучаснае саломапляценне – адметная з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі, якая ўвабрала ў сабе шматвекавыя традыцыі і сучаныя тэндэнцыі.