Выцінанкі Муліцы Станіслава Вітольдавіча з Гродна вызначаюцца народным каларытам, аўтарскай шчырасцю і непасрэднасцю. Крыху рыхлаватыя, разрэджаныя кампазіцыі могуць падацца аматарскімі практыкаваннямі: наіўны малюнак, грубаватыя абрысы, не надта роўныя лініі.

Аднак менавіта гэтыя якасці – сведчанне непасрэднай сувязі з народнымі традыцыямі.

Кожная з работ майстра мае свой характар, настрой, тэматыку. Большасць яго выцінанак сіметрычнага тыпу, але шмат разетак і сурвэтак квадратнай формы.

Выцінанкі Станіслава Муліцы захоўваюцца ў музеях, прыватных калекцыях у Беларусі і па-за яе межамі. Майстар – удзельнік шматлікіх выставак. Неаднаразова яго работы ўпрыгожвалі залу музея сучаснага народнага і самадзейнага мастацтва пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (г. Гродна, вул. Савецкая, 8, тэл. 8 (0152) 72-17-87, 74-04-48).