Дэкараванне велікодных яек можна лічыць адным са старажытных народных відаў роспісу, карані якога хаваюцца ў дахрысціянскіх часах. Яйка было сімвалам абуджэння прыроды пасля зімовага сну.

У беларусаў, як і ў літоўцаў і на прыгранічных тэрыторыях Польшчы, дэкараванне пісанак прымяркоўвалася да веснавога свята Юр’я, калі першы раз выганялі жывёлу ў поле. Потым курыныя яйкі ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня. Пісанкі выкарыстоўваліся для асвячэння ў храме, пасля чаго іх раздавалі дзецям, дарылі валачобнікам, уключалі ў велікодныя гульні і забавы.

Са слоў майстрыхі г. п. Сапоцкін Юрчэні Антаніны Лук’янаўны, традыцыя роспісу велікодных яек бытуе ў гэтай мясцовасці здаўна. Яна пераняла гэта ўменне ад мамы, а мама ад бабулі. “Гэта мода прыйшла з Польшчы”, – кажа майстрыха. Пісанкі па-іншаму называліся “рысаванкі”, “маляванкі”. Узоры на распісных яйках Антаніна Лук’янаўна малюе такія, як паказала ёй маці, але часам яна сама прыдумвае ўзоры. “Рамонкі, адуванчыкі, лісточкі – гэта ўсе польскія ўзоры, якія малявалі яшчэ з даўнейшых часоў”, – расказвае яна.Малявала яна не толькі для сябе, але і для другіх людзей, якія прыносілі перад Вялікаднем яйкі. Майстрыха ўспамінае, што раней многія распісвалі яйкі. Вельмі прыгожыя пісанкі атрымліваліся ў Ганны  Зайко, работы якой змешчаны ў шматлікіх энцыклапедычных выданнях.

Традыцыя дэкаравання велікодных яек (пісанкі, маляванкі, рысаванкі) найбольш захавалася менавіта ў г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна. У 2013 годзе ў  Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь быў унесены дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны Гродзеншчыны.

Тэхналогія дэкарыравання – нанясенне васковага ўзору на паверхню яйка для захоўвання яго натуральнага колеру пры пагружэнні ў фарбавальнік.Наносяць васковы ўзор самым звычайным і простым спосабам – “ шпількай” – палачкай з убітым у яе канец маленькім цвічком. Пасля гэтага яйка апускаюць у фарбавальнік.

Найбольш пашыраная і папулярная афарбоўка пісанак у гэтай мясцовасці – чорна-карычневая, атрымліваецца з настою альховай кары, альховых шышак, кары дуба, ржавага жалеза ці жалезнага перагару. Настой кары, заліты кіпнем, ставіцца ў халаднаватае месца (падвал) і фарба гатова да карыстання праз 2 месяцы. Чым даўжэй вытрымліваецца настой, тым больш інтэнсіўная па колеру і трывалая па якасці атрымліваецца фарба. Чорна-карычневая, амаль чорная фарба, уражвае незвычайнай глыбінёй вельмі прыгожага складанага колеру. Пасля выкарыстання такога фарбавальніка, яго можна паставіць у халоднае месца. Дадаўшы ў такі настоены канцэнтрат яшчэ трохі гарачай вады, зноў атрымліваецца неабходны фарбавальнік.

Для таго каб атрымаць чорна-бардовае адценне, майстрыха вытрымлівае яйка ў настоі кары з жалезам каля сутак. Затым апускае ў гарачы цыбульнік, каб злез воск. Воск здымаецца кавалачкам сухой тканіны, паднёсшы яйка да агню свечкі, газавай пліты, печкі ці інш. Затым алеем, маслам або кавалачкам сала яйкі націраюцца, пасля чыстым кавалачкам шарсцяной тканіны паліруюцца. Насычаны колер  эфектна падкрэслівае графіку малюнка.

Таксама распаўсюджаны чырвоны колер. Яго розныя адценні – ад залаціста-аранжавага да цёмна-чырвонага – атрымліваюцца вытрымкай ці праварваннем у адвары шалупіння цыбулі  – “цыбульніку”. Насычанасць афарбоўкі залежыць, як ад часу вытрымкі, так і ад канцэнтрацыі адвару.

Тэхналогія аздаблення яйка з дапамогай “шпількі” дае магчымасць атрымаць разнастайныя і прыгожыя ўзоры: ад самага простага,  кропкавага, да складанага расліннага, зааморфнага і сюжэтнага. Кожная сапоцкінская майстрыха мае ў сваёй хатняй каморы кавалачак пчалінага воску, які патрэбен, каб дэкараваць пісанкі перад Вялікаднем. Для гэтага яго растопліваюць у невялікай бляшанцы на малым агні і падтрымліваюць тэмпературу ўвесь час, пакуль займаюцца дэкараваннем. У хатніх умовах карыстаюцца газавай альбо звычайнай плітой, калі працэдура праводзіцца ва ўстановах культуры, напрыклад, у Гродзенскім РДР, то майстрыхі карыстаюцца электрычнай плітой альбо падсвечнікам для аромасвечак. Плешку цвічка макаюць у растоплены воск і на паверхні яйка атрымліваецца кропка ці выцягнутая кропелька. Здавалася б, такі нешырокі дыяпазон выяўленчых матываў моцна абмяжоўвае магчымасці майстрых, але на самой справе разнастайнае камбінаванне кропак і кропелек дае безліч варыянтаў дэкору. Сярод усіх узораў пісанак няма і двух абсалютна аднолькавых нават у адной майстрыхі.

Найбольш пашыраны і любімы матыў – круг-разетка (размяшчаецца па цэнтры яйка, свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі). Нярэдка цэнтры разетак пападаюць на канцы яйка. Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек.

Трыдыцыйным малюнкам на яйках у Сапоцкіна з’яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, адуванчыкі), яловыя галінкі.

У г. п. Сапоцкін на базе Цэнтра культуры і народай творчасці (г. п. Сапоцкін, вул. Гродзенская, 17, тэл. 99-23-09) па некалькі раз на год праходзяць майстар-класы па роспісу велікодных яек, дзе свае веды і вопыт перадае майстрыха Юрчэня Антаніна. Дарэчы, наведаўшы гэтую установу, можна ўбачыць выдатную этнаграфічную калекцыю, якая прадстаўлена ў музейным пакоі “Сялянская хата”; трапіць на выстаўкі па вышыўцы, ткацтву, бісерапляценню, роспісу па шклу. Гасцям таксама прапануюцца старажытныя абрады, гульнёвыя і канцэртныя праграмы.

Супрацоўнікі Гродзенскага раённага Дома рамёстваў (г. Гродна, вул. 17 верасня, 50, тэл. 8 (0152) 72-35-41) таксама засвоілі традыцыйную тэхналогію роспісу і вырабу фарбавальнікаў для аздаблення яек. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях, святах, такім чынам прапагандуюць мясцовыя традыцыі.

Супрацоўнікі Гродзенскага РДРАлена Лашэвіч і Ларыса Касіцкая праводзяць майстар-класы, дзеляцца навыкамі з дзецьмі і дарослымі на занятках у гуртках, перадаючы любоў да мясцовых традыцый.

Сакрэтамі роспісу яек валодае таксама Ганна Яўхімчык (в. Верцялішкі).

Дэкарыруюць яйкі ў Мастоўскім раённым Цэнтры рамёстваў (г. Масты, вул. Жукава, 2а, тэл. 8 (01515) 4-31-35), Свіслацкім раённым Доме рамёстваў (г. Свіслач, вул. Першамайская, 4, тэл. 8 (01513) 3-41-53) і ў іншых установах культуры.

Пісанкі захоўваюцца у музеях. У адной з этнаграфічных залаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея экспануецца керамічная міска з велікоднымі яйцамі (многія з іх былі распісаны ў Сапоцкіна), сабранымі ў 1930-я гады Юзафам Ядкоўскім – гісторыкам і археолагам, заснавальнікам і дырэктарам музея. Асобая каштоўнасць калекцыі (сабрана каля сотні экспанатаў) у тым, што яна з’яўляецца старэйшай у Беларусі. Сваю выдатную калекцыю пісанак мае Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.