Ваўкавыскі РМЦНТ
тэл. (801512) 2-22-68

Аўтэнтычны фальклорны гурт “Чараўніцы” Мацвеяўскага цэнтра культуры і дасуга (ЦКіД) Ваўкавыскага раёна быў заснаваны ў сакавіку 1972 года. Ідэя стварыць аўтэнтычны гурт з мясцовых носьбітаў належала тагачаснаму дырэктару Прохару Міхаілу Антонавічу. Пад яго кіраўніцтвам калектыў працаваў аж да 1999 года. На сённяшні дзень у калектыве налічваецца 6 пастаянных удзельніц з ліку жанчынвёскі Улезлы Ваўкавыскага раёна. Мастацкі кіраўнік гурта – Талашка Надзея Міхайлаўна.

 

Творчая дзейнасць калектыву заснавана на выкананні двух- і трохгалосных спеваў. Прычым харавыя партыі жанчыны дзеляць абапіраючыся на сваеасаблівае светаўспрыманне, спяваюць так, як падказвае ім адчуванне. Да спецыфікі спеваў гурта можна аднесці роўнае, спакойнае выкананне – без пад’ёмаў і спадаў, таму фальклорны гурт “Чараўніцы” выконвае пераважна лірычныя, бяседныя песні а капэла, сольна, дуэтамі, трыа. У іх выкананні адчуваецца сувязь пакаленняў, як кажуць “гістарычная памяць продкаў”, якая такім жа шляхам перадаецца наступным пакаленням.

Калектыў наведвае мясцовую школу, сумесна з дзецьмі праводзіць абрады – “Калядкі”, “Багач”, “Сёмуха” і інш.

Першае выступленне народнага фальклорнага гурта “Чараўніцы” адбылося ў 1972 годзе. З гэтага часу пачалася папулярызацыя іх творчасці – праз удзел у абласных фестывалях фальклору, Рэспубліканскіх фестывалях, такіх як “Беларусь – мая песня”, раённых святах. Кожны раз вынікам такіх выступленняў былі лаўрэацкія месцы. Творчасцю дадзенага калектыву цікавіліся абласное і рэспубліканскае радыё і тэлебачанне. Менавіта ад членаў гурта “Чараўніцы” спецыялісты Беларускага дзяржаўнага інстытута па праблемах культуры атрымалі бясцэнны фальклорны матэрыял для даведніка “Традыцыйная культура Панямоння”. Не абмінуў зрабіць апісанне дадзенага гурта і прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры А. М. Аляхновіч у сваёй кнізе “Беларускі музычны фальклор”.

Народны фальклорны гурт “Чараўніцы” Мацвеяўскага ЦДК за гады існавання набыў вялікую колькасць прыхільнікаў і па сённяшні дзень яго удзельнікі з задавальненнем гатовы падзяліцца з новымі слухачамі сваімі ведамі.