Свіслацкі РДК,

тэл. (801513) 3-41-53

 

Народны фальклорны гурт “Крынічанька” са Свіслацкага РДК працуе з 1985 года. У 1994 годзе за зберажэнне адметнай песеннай традыцыі свайго рэгіёна калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”.

У складзе калектыву 12 вакалістаў, усе людзі сталага ўзросту. Многія з іх стаялі ля вытокаў яго стварэння. Выканаўцы калектыву ўвесь час удасканальваюць свае веды і асвойваюць новы аўтэнтычны фальклорны рэпертуар розных рэгіёнаў Беларусі. Ансамбль таксама выкарыстоўвае ў сваім рэпертуары і сучасныя апрацоўкі беларускай танцавальнай музыкі, а таксама творы беларускіх кампазітараў, блізкія па гучанню да народнай манеры выканання.

У рэпертуары калектыву шмат абрадаў, адзін з такіх абрадаў – “Свіслацкае вяселле” надаў папулярнасці гурту. З ім калектыў прымаў ўдзел у праграме беларускага тэлебачання “Запрашаем на вячоркі”. 

За час існавання фальклорны калектыў “Крынічанька” выступіў са шматлікімі канцэртамі не толькі перад насельніцтвам свайго раёна, вобласці, але і іншых абласцей. “Крынічанька” – жаданы госць у Рэспубліцы Польша.   

У ансамблі ёсць салісты-вакалісты.Сярод іх можна адзначыць Вольгу Дарошыну, якой споўнілася 92 гады. Вядомая сольная выканаўца на розных фальклорных фестывалях. Спявае з дзяцінства песні матулі і бабулі. Да яе ў госці за фальклорнай спадчынай наведваюцца фалькларысты з Расіі і Беларусі. Нягледзячы на сталы ўзрост, Вольга Дарошына заняла першае месца у 2011 годзе ў рэгіянальным фестывалі фальклора “Панямоння жыватворныя крыніцы”, дзе разам з ёю у намінацыі ўдзельчалі маладыя выканаўцы.

 

Народны фальклорны гурт “Крынічанька” максімальна дакладна перадае характэрную для беларускага фальклору спецыфічную манеру выканання.