Лідскі РМЦНТ
тэл. (8-1545) 2-02-49

На Лідчыне больш за 20 гадоў пры Парэцкім сельскім Доме культуры працуе фальклорны калектыў хутара Збляны – калектыў носьбітаў мясцовай традыцыі. Удзельнікі дадзенага гурта папулярызуюць традыцыйную культуру, ахопліваючы сваёй творчасцю амаль усе яе аспекты: песня, танец і народная музыка. Фальклорны гурт на сённяшні дзень складаецца з 14удзельнікаў – 5 мужчын і 9 жанчын, ва ўзросце ад 65 да 82 гадоў. Жанчыны спяваюць разам больш за 20 гадоў.

Падчас сваіх выступленняў аўтэнтычны калектыў здзіўляе слухачоў рэгіянальнай песеннай культурай. У рэпертуары больш як 100 мясцовых песен (“Ой, у лузе каліна стаяла”, “Як прыйду да кумкі”, “У агародзе лебяда” і інш.), традыцыйныя побытавыя танцы (“Кракавяк”, “Падыспань”, “Акуліна”, “На рэчаньку”, “Полька” і інш.), самабытныя беларускія найгрышы (“Беларуская полька” і інш.), якія выконваюць удзельнікі калектыва без музычнай адукацыі на акардыёнах, скрыпцы, цымбалах і барабане.

Свае ўменні і навыкі яны атрымалі ад бацькоў, таму іх манера выканання асабліва каштоўна для нашчадкаў. Самабытнасць гурту надаюць і касцюмы, якія былі выкананы яго ўдзельніцамі.

За годы існавання калектыву да іх наведваліся з экспедыцыямі навукоўцы з усёй Беларусі, кожны раз знаходзячы новы каштоўны фальклорны матэрыял. Са слоў удзельнікаў былі запісаны такія абрады, як “Каляды”, “Вялікдзень”, “Хрэсьбіны”. Дзякуючы фальклорнаму калектыву хутара Збляны быў створаны відэафільм “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён” аб традыцыйнай ручной апрацоўцы ільну. У абрадзе спявачкі дакладна расказалі ўвесь працэс, паказалі як выкарыстоўваць прылады – пранік, трапальня, прасніцы і інш., праспявалі песні, прымеркаваныя да ўсіх этапаў працэса апрацоўкі. Дзякуючы гэтаму дадзены абрад атрымаў вядомасць і папулярнасць не толькі на Лідчыне, але і за яе межамі. 

Нягледзячы на сталы ўзрост, удзельнікі калектыву з задавальненнем прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх імпрэзах раёна, вобласці і рэспублікі, такіх як “Кірмаш талентаў”, “Дажынкі”, “Зажынкі”. Да іх наведваецца тэлебачанне і радыё. Фальклорны калектыў хутара Збляны з радасцю сустракае гасцей і з натхненнем дорыць ім сваю творчасць.