Мастацкі кіраўнік
фальклорнага калектыву “Адэльчанка” –
Руткоўская Лілія Антонаўна,
тэл. (+37529) 782-79-49

Традыцыйнае «польскае» гучанне ў многіх раёнах Гродзенскай вобласці захоўвае свае карані, развіваецца ў натуральным нацыянальным каларыце. Гродзенскі раён, з-за блізкасці мяжы, увабраў у сябе традыцыі беларускай і польскай культуры, таму некаторыя фальклорныя калектывы у сваім рэпертуары маюць як беларускія, так і польскія народныя песні, лічаць іх сваёй традыцыяй. Так як, напрыклад, фальклорны калектыў “Адэльчанка” Адэльскага Цэнтра культуры і народных традыцый Гродзенскага раёна.

Калектыў быў створаны ў 2009 годзе. Ініцыятарам стварэння фальклорнага гурта стаў мясцовы ксёндз, які і блаславіў іх творчасць. На сённяшні дзень у складзе гурта 7 чалавек – жыхаркі мястэчка Адэльск. Усё жыццё працавалі і спявалі разам. Адметнасць дадзенага калектыву ў тым, што ў асноўным рэпертуар складаюць польскія песні, якія з’яўляюцца для іх традыцыйнымі. Увогуле на ўвесь традыцыйны быт удзельніц аказалі уплыў дзве культуры – польская і беларуская.

У рэпертуары абрадавыя, вясельныя песні – “Мяла баба когута”, “У зелёным гаіку”, “Дзевуля моя”, “Зелёны вянэчэк”, “Погнала волкі”, “Чэрвонэ яблушко”, “Уплыва шыбко жыце”, “На вэсолы час”, “Выйшла замуж маладая” і інш.

Удзельніцы фальклорнага калектыву “Адэльчанка” не толькі спяваюць, але і зберагаюць традыцыйныя рамёствы – вышыўка, вязанне, у клубе пры дапамозе ведаў адной з удзельніц быў арганізаваны ткацкі станок, за якім працуе сама майстрыха і яе вучні. Дзякуючы традыцыйным ведам быў адноўлены, зафіксаваны і рэканструяваны абрад “Выпяканне хлеба”. Кожны глядач можа стаць удзельнікам гэтага абраду, навучыцца і паспрабаваць на смак духмяны бохан хлеба.

У госці да ўдзельніц фальклорнага калектыву “Адэльчанка” ўвесь час наведваюцца прыхільнікі традыцыйнай творчасці, турысты, журналісты з тэлебачання і газет. Акрамя ўдзелу ў мясцовых мерапрыемствах, калектыў запрашалі на Фестываль нацыянальных культур, мерапрыемствы “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” і інш.