Сапраўдным скарбам для нашчадкаў з’яўляецца аўтэнтычны фальклорны калектыў хутара Збляны, які, на сёняшні момант, працуе пры Парэцкім сельскім Доме культуры Лідскага раёна.

Многа гадоў удзельнікі дадзенага гурта папулярызуюць традыцыйную культуру, ахопліваючы сваёй творчасцю амаль усе яе аспекты: песня, танец і народная музыка. Фальклорны гурт на сёняшні момант складаецца з 14 удзельнікаў – 5 мужчын і 9 жанчын, жанчыны спяваюць больш за 20 гадоў. У рэпертуару больш 100 мясцовых песен (“Ой, у лузе каліна стаяла”, “Як прыйду да кумкі”, “У агародзе лебяда” і інш.), традыцыйныя побытавыя танцы (“Кракавяк”, “Падыспань”, “Акуліна”, “На рэчаньку”, “Полька” і інш.), самабытныя беларускія найгрышы (“Беларуская полька” і інш.), якія выконваюць удзельнікі калектыва без музычнай адукацыі на акардыёнах, скрыпцы, цымбалах і барабане. Нягледзячы на ўзрост удзельнікаў (ад 65 да 82 год), яны пастаянныя госці на шматлікіх імпрэзах і фестывалях, ведаючы сакрэты апрацоўкі льна, зняліся у фільме “Калі да лёну з паклонам - аддзячыць добра лён”, дзе расказалі і паказалі, як апрацоўваць лён і праспявалі побытавыя песні.