Пабачыць і пачуць традыцыйныя песні, танцы і гульні з рэгіянальнымі асаблівасцямі Мастоўскага раёна, можна пазнаёміўшыся з дзіцячым фальклорным гуртом “Маладзічок” Глядавіцкага сельскага клуба.

Калектыў дзейнічае толькі з 2011 года, але яго маленькія ўдзельнікі ўжо з’яўляюцца спецыялістамі ў народных традыцыях. У рэпертуары калектыву адноўленыя песні, танцы і абрады сваёй мясцовасці, якія шмат год жылі толькі ў памяці жыхароў вёскі.

Адной з адметнасцю Мастоўскага раёна з’яўляецца ўсім вядомая Котчынская кадрыля в.Котчына. У 1960 г. на хрэсьбінах дачкі мясцовага жыхара в. Котчына Мастоўскага раёна госці ўспомнілі мясцовую кадрылю. Ужо ў 1969 г. танец пачаў занава жыць і быў паказаны на занальным фальклорным аглядзе. А ў 1971 г. у в. Котчына прыехалі харэограф М. І. Хвораст, пісьменнікі І. Лісам, Я. Брыль, М. Аўрамчык – зрабілі апісанне танца і змясцілі яго ў кнізе “Беларускія танцы”.

Рэгіянальная асаблівасць “Котчынскай кадрылі” вызначаецца наяўнасцю фігур, парадкам іх выканання, структурай кампазіцыі, мелодыі, простай танцавальнай лексікай.

Спецыфічнасць кампазіцыі – калі кожная пара, кожны ўдзельнік танца, па чарзе паўтараюць рухі паводле прынцыпу “усе за ўсімі”. Музычныя перыяды і паўторы танцавальных фігур не адпавядаюць адна другой: заканчэнне харэаграфічнай часткі не супадае з музычнай (найгрыш прыпыняецца раней, чым завяршаецца танец). Сёння “Котчынская кадрыля” перацярпела змены і выконваецца на 6 пар (раней на 8). Кадрыля танцуецца весела, жыва, колькасць фігур мае магчымасць быць больш ці менш ад жадання выканаўцаў.

 У 2010 г. гэты ўнікальны мясцовы танцавальны стыль уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры.

На Гарадзеншчыне сёння “Котчынская кадрыля” выконваецца шматлікімі народнымі ансамблямі.

“Котчынскую кадрылю” можна пабачыць у выкананні танцавальнага гурта Азёркаўскага сельскага клуба Гродзенскага раёна амаль на ўсіх імпрэзах раёна. Кадрылю танцуюць тры пакаленні танцавальнага калектыву ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў і дзве дзіцячыя танцавальныя групы па 6 пар 11–х і 6-х класаў, што ўказвае на пераемнасць танцавальных народных традыцый.