Унікальнасць аб'екта. На тэрыторыі заказніка выдзелена 66 катэгорый асабліва каштоўных участкаў: месцы пражывання рэдкіх відаў раслін і жывёл, масівы балот, лясныя азёры з іх прыбярэжнымі комплексамі, участкі лясных масіваў, эолавыя грады, азёры і берагавыя лініі асноўнай сістэмы азёр.

Заказнік з'яўляецца ўнікальным месцам паспяховага рассялення зубра еўрапейскага.

Асаблівую каштоўнасць маюць экасістэмы, якія ўтвораны сістэмай азёр заказніка. Гэтая сістэма ўключае ў сябе больш за два дзесяткі азёр. Кожнае з азёр арыгінальнае і прывабнае, мае вялікае навуковае, культурна-эстэтычнае і рэкрэацыйнае значэнне.

Геаграфічнае становішча. Ландшафтны заказнік "Азёры" плошчай 23 870,9 га, размешчаны на паўночным ўсходзе Гродзенскага раёна, ля мяжы з Літвой, таксама захоплівае тэрыторыю Шчучынскага раёна вакол возера Берштаўскае. Заказнік мае значную працягласць як з поўдня на поўнач, так і з захаду на ўсход.

Арыенцірам яго межаў могуць служыць населеныя пункты ля межаў заказніка: в. Багушоўка 53°46'00'' п. ш., 23°55'60'' у. д. (на паўднёва-заходняй мяжы), в. Бершты 53°51'00'' п. ш., 24°22'60'' у. д. (на паўночна-ўсходняй мяжы, крайняя паўночная кропка, знаходзіцца літаральна ў некалькіх кіламетрах на паўночны ўсход ад вёскі), в. Глушнева 53°52'60'' п. ш., 24°13'60'' у. д. і в. Старая Руда 53°51'00'' п. ш., 24°10'00'' у. д. (на паўночнай мяжы), в. Азёры 53°43'00'' п. ш., 24°10'60'' у. д. (у паўднёвай мяжы).

Стварэнне і статус. Тэрыторыя, на якой утвораны заказнік на мяжы 15-16 стагоддзяў у часы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, складала аснову двух каралеўскіх пушчаў: Азёрскай і Берштанскай. Пазней у часы Расійскай імперыі ўваходзіла ў склад Гродзенскай пушчы. Замацаваннем прыродаахоўнага рэжыму стала стварэнне ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Азёры» ў сакавіку 1990 г. Адміністрацыйная структура была сфарміравана ў 2007 годзе. Адміністрацыя заказніка знаходзіцца ў в. Азёры.

Заказнік створаны ў мэтах захавання ў натуральным стане ўнікальнага ландшафтнага комплексу з рэдкімі відамі раслін і жывёл, унесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Фізіка-геаграфічная характарыстыка. Заказнік “Азёры” размяшчаецца ў межах Азёрскай водна-ледавіковай нізіны, якая адносіцца да вобласці Беларускага Паазер'я. Рэльеф слабахвалісты, злёгку ўзгорысты, з невялікімі перарывістымi марэннымi градамі, астраўкамі камавых пагоркаў, рэдкімі озавымi градамі, кантынентальнымі дзюнамі. У спалучэнні з азёрамі ледавіковага паходжання, участкамі нізінных і верхавых балот і далінамі рэк, якiя праразаюць тэрыторыю заказніка, дадзены рэльеф робіць ландшафты маляўнічымі і таму тэрыторыя заказніка выкарыстоўваецца як рэкрэацыйная зона.

Клімат умерана-кантынентальны з пераважным уплывам паветраных мас з Атлантычнага акіяна. Звычайна зіма мяккая з сярэдняй тэмпературай: -5,1 ° С (самы халодны месяц  студзень). Лета цёплае, вільготнае, сярэдняя тэмпература: +18 ° С  (самы цёплы месяц  ліпень). Сярэднегадавая колькасць ападкаў: 545-600 мм.

Заказнік знаходзіцца ў басейне ракі Нёман. Прычым, наўпрост на берагі самога Нёмана ён не выходзіць, а вось паўночна-ўсходняя мяжа ідзе ўздоўж вярхоўяў Котры, яе прытока (па правым беразе.). У асноўным тэрыторыя ландшафтнага заказніка Азёры размяшчаецца ў пойме ракі Пыранка (часта сустракаецца назва Пыра, а ў вярхоўях называецца Хамутоўка) і яе прытокаў   Бярвенкi, Саламянкi, Стрыеўкi, Яжовiцы, Рэчкі. У наваколлі в. Багушоўка заказнік дрэнiруеца яшчэ адным прытокам Нёмана   ракой Гажанкай.

Рэкі Пыранка і Саламянка ўтвараюць асноўны масіў праточных азёраў заказніка. Пыранка стварае возера Белае і возера Рыбніца (размяшчаецца па-за межамі заказніка). Саламянка ўтварае другую галіну азёр: Вераўское, Дзервянiскае (Кальніца), Беляшка, Антвозера, Зацкава. Трэцюю галінку больш дробных азёр ўтварае рака Бярвенка: Доўгае, Можнева, Лакна. Адасоблена стаiць возера Берштаўскае, якое ўтварае прыток Котры, рэчка Рудня і невялікія лясныя азёры, такія як Глiнец, Шчучае, Можнева, Раман, Чортава, Бабіна, Зуброўка, Чорнае.

Рака Стрыеўка ў недалёкім мінулым стварала буйны масіў балот, якія зараз цалкам асушаны, і выкарыстоўваюцца пад пасевы і паляўнічыя ўгоддзі, так як сюды выходзяць карміцца буйныя капытныя, якія насяляюць заказнік (неахоўная тэрыторыя). У пойме ракі Бярвенка на ўсходняй ускраіне заказніка сфарміраваны вялікі масіў балота, названага Святым балотам. Зараз практычна цалкам асушана і выкарыстоўваецца для торфараспрацоўкі. Ёсць зона другаснага затаплення. Акрамя гэтых масіваў балот, трэба адзначыць фрагменты нізінных балот  у пойме ракі Саламянкi, верхавыя балоты: Кабылы і вакол Чортавага возера.

Раслінны свет заказніка. У межах заказніка выяўлена 10 відаў ахоўных раслін і адзін від грыбоў: сон раскрыты, або сон-трава (Pulsatilla patens), цыбуля мядзведжая, або чарамша  (Alliumursinum), купальнік горны (Arnicamontana), венерын чаравічак сапраўдны (Cypripediumcalceolus) і інш. Асноўную плошчу заказніка займаюць хвойныя лясы з прысутнасцю елкі, дуба, граба, клёна, ліпы, бярозы і ясеня, у нізінах пераважае вольха чорная  (Alnusglutinosa). Сасновыя лясы прадстаўлены хвойнікамі верасовых і імшыстых тыпаў.

Раслінны свет заказніка характарызуецца значнай разнастайнасцю. Каштоўныя балотныя супольнасці адзначаны на правабярэжжы ракі Саламянкi, гэта ўчасткі нізінных балот; і раслінныя супольнасці на балоце “Кабылы” (размяшчаецца на 1,7 кіламетра на паўночны захад ад вёскі Новая Руда). Заслугоўваюць увагі азёры з разнастайнымі асацыяцыямі раслін. Біялагічнай разнастайнасцю раслін выдзяляюцца і ўчасткі лясных масіваў на схілах ракі Яжовіца, дзе растуць: баранец звычайны (Huperziaselago), пералеска высакародная (Hepaticanobilis), пылюшнік ворлікалісты (Thalictrum flexuosum), ваўчаягаднік звычайны (Daphnemezereum), дрэмлік шыракалісты (Epipactis helleborine), гняздоўнік сапраўдны (Neottianidus-avis) і інш. Да тэрыторый, дзе знойдзены каштоўныя раслінныя супольнасці, адносіцца возера Чортава з лясным масівам на градзе (па беразе возера) і верхавым балотам (на гэтай тэрыторыі створаны помнік прыроды мясцовага значэння "Чортава гара Парэцкая»).

Возера Белае не толькі самае вялікае па плошчы, але па яго берагах сустракаюцца асабліва каштоўныя ўчасткі розных тыпаў лесу (хвойнікі, ельнікі, дубровы, кляноўнікі і грабнякі) з комплексам рэдкіх відаў раслін. Сярод гэтых супольнасцяў адзначаны ўчасткі з векавымі дубамі, якім больш за 200 гадоў, і хвояй карабельнай, або мачтавай.

Да тэрыторый з асабліва каштоўнымі расліннымі супольнасцямі адносяцца Бярштоўское возера і возера Шчучае. Варта адзначыць, што сасновыя лясы валодаюць добрым аздараўленчым эфектам, таму тэрыторыя заказніка ў поўным маштабе выкарыстоўваецца для размяшчэння аздараўленчых устаноў.

Жывёльны свет заказніка. Усяго ў межах заказніка зарэгістравана 175 відаў наземных хрыбетных жывёл. Фаўна бесхрыбетных жывёл знаходзіцца ў стадыі вывучэння, таму казаць аб колькасці відаў гэтай групы яшчэ рана. З Чырвонай кнігі Беларусі ў заказніку зарэгістраваны: 1 від паўзуноў – мядзянка (Coronellaaustriaca), 13 відаў птушак – шэры журавель (Grusgrus), чорны бусел (Ciconianigra), зялёны дзяцел (Picusviridis), і інш. Падчас вясновых і восеньскіх міграцый таксама сустракаюца: лебедзь-клікун(Cygnus cygnus), шэрая гусь (Anseranser) і белалобая гусь (Anseralbifrons), залацісты сявец (Pluvialisapricaria), турухтан (Philomachuspugnax), арол-беркут (Aquilachrysaetos) і інш.

Лясны комплекс у цэлым найбольш багаты па ліку прадстаўнікоў.
Млекакормячыя прадстаўлены відамі з усіх сістэматычных груп, адзначаных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Рэдкімі прадстаўнікамі гэтай групы жывёл з'яўляюцца:  зубр еўрапейскі (Bison bonasus), рысь еўрапейская (
Lynx lynx), барсук (Melesmeles). Тут жывуць лось (Alcesalces), алень высакародны (Cervuselaphus), дзік (Sus scrofa), параўнальна шматлікая колькасць казуль (Capreólus capreólus). Дастаткова звычайныя: вавёрка (Sciurusvulgaris), заяц-русак (Lepus europaeus) і лісіца (Vulpes vulpes).

Склад птушак як найбольш шматлікай групы пазваночных жывёл на тэрыторыі заказніка характарызуецца найбольшым разнастайнасцю.

Паўзуны прадстаўлены 6-ю відамі: звычайная (Lacertaagilis) і жывародная яшчаркі (Lacertavivipara), вераценніца ломкая (Anguisfragilis), вуж звычайны (Natrixnatrix), гадзюка звычайная (Viperaberus) і мядзянка. Земнаводныя прадстаўлены 8-ю відамі. Дамінуюць травяная, вострамордая жабы і шэрая рапуха, тыпова лясныя віды.

Відавы склад рыб прадстаўлены ў большасці звычайнымі азёрнымі і рачнымі відамі: плотка (Rutilusrutilus), аўсянка (Leucaspius delineatus), лінь (Tincatinca), карась звычайны (Carassius carassius), акунь звычайны (Perca fluviatilis), звычайны ёрш (Gymnocephalus cernuus), карп (Cyprinuscarpiocarpio), краснапёрка (Scardiniuserythrophthalmus), лешч (Abramisbrama), шчупак (Esoxlucius), мянтуз (Lotalota), гусцяра (Bliccabjoerkna) і інш. Адзначаны рэдкія і ахоўныя віды: ручаёвая стронга (Salmotruttatruttamorphafario), харыус (Thymallusthymallus), вусач ( Barbusbarbus) і інш.

Турыстычны патэнцыял.  Заказнік «Азёры»  ўваходзіць у склад зоны адпачынку «Азёры» рэспубліканскага значэння. Тут сфарміравана сетка санаторыяў, турбаз і месцаў для дзікага турызму.
Асноўнымі санаторыямі з'яўляюцца: санаторый «Азёрны», размешчаны на беразе воз. Белае  на тэрыторыі заказніка, а таксама «Парэчча» і «Світанак», якія размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад заказніка Азёры, на беразе возера Малочнае. Акрамя ўжо пералічаных, можна дадаць: базу адпачынку «Азёры», турбазу "Хімік" і турбазу Абласнога савета ГА "БТПР", дзіцячыя аздараўленчыя лагеры «Бярозка» і «Дружба», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Азёры» і аграсядзібы.

Адміністрацыяй ландшафтнага заказніка абсталяваныя месцы-стаянкі для дзікага турызму. Да паслуг турыстаў крытыя альтанкі, кастравыя месцы, месцы для паркоўкі машын. Распрацаваны і спецыяльныя турыстычныя маршруты: 4 пешых і 2 водных. У стадыі ўвядзення знаходзяцца і веласіпедныя маршруты. На возеры Белае абсталявана назіральная пляцоўка.

Заказнік “Азёры”  аказвае і платныя паслугі турыстам (падвозка дроў, прадуктаў, вады, уборка смецця, арганізацыя турзлёту, арэнда плаўсродкаў, арганізацыя пікнікоў).

В. Гуменны, В. Бахараў