Унікальнасць. Заказнік – апошні ўчастак нізіннага балота ў пойме ракі Свіслач. Гэта тэрыторыя важная для птушак, зяўляецца месцам гнездавання і прыпынкаў у час пералётаў многіх рэдкіх не толькі для Беларусі, але і для сусветнай фаўны відаў.

 

Геаграфічнае становішча. Заказнік “Свіслач” плошчай каля 3 100 га знаходзіцца на мяжы Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў Гродзенскай вобласці паміж в. Ярмолічы (53°20'00'' пн. ш., 23°92'40'' у. д.) і в. Грайна (53°'25'60'' пн. ш 23°95'00'' у. д.) Бераставіцкага раёна.

Стварэнне. Дадзены ўчастак нізіннага балота быў выяўлены на мяжы 20 і 21 стагоддзяў дзякуючы навуковай праграме па вывучэнню вяртлявай чаротаўкі, тут было зафіксавана пражыванне гэтай птушкі, што і паслужыла асновай для ініцыятывы ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», пры падтрымцы мясцовых органаў улады, стварэння арніталагічнага заказніка мясцовага значэння “Свіслач” (у 2003 годзе).

Таксама ўся тэрыторыя заказніка ўвайшла ў склад міжнароднай прыродаахоўнай тэрыторыі важнай для птушак “Гродзенская Свіслач”. Заказнік і тэрыторыя важная для птушак (ТВП) перш за ўсё створаны для аховы ад глабальных пагрозаў такіх відаў птушак, як вяртлявая чаротаўка і кулік дупель. Таксама Гродзенская Свіслач з’яўляецца найважнейшым пунктам прыпынку птушак падчас вясновых і восеньскіх міграцый.

Геаграфічная характарыстыка. Тэрыторыя заказніка займае пойму Свіслачы і схілы Гродзенскага ўзвышша. Ён размешчаны паміж вышэйшай кропкай на Магілянскіх гарах (212 м) і ніжэйшай кропкай каля в. Жукевічы Эйсмантаўскага сельсавета (105 м). Клімат – умерана-кантынентальны. Сярэднямесячная зімовая тэмпература – –5 °С, летняя – +18 °С. Гідралагічная сетка заказніка адносіцца да басейна ракі Нёман. Рака Свіслач, у пойме якой размешчаны заказнік, з’яўляецца яе левым прытокам. Тэрыторыя заказніка прымеркавана да сярэдняй плыні ракі. У межах заказніка ў Свіслач упадаюць: правы прыток ракі Верацейка і левы ракі Одла. Навакольная тэрыторыя асушана і выкарыстоўваецца пад пасевы сельскагаспадарчых культур. Праз тэрыторыю заказніка праходзіць аўтамабільная дарога на г. Свіслач.

Раслінны свет заказніка. Большасць тэрыторыі заказніка ўяўляе сабой нізіннае балота ў пойме ракі. Для такіх балот характэрны расліны, патрабавальныя да мінеральных элементаў. Балота паміж вёскамі Ярмолічы і Грайна адносіцца да травяных нізінных балот. Кветкавыя расліны тут пераважаюць. Дамінуючымі травяністымі раслінамі з’яўляюцца розныя віды асакі, трыснёг і мячэўнік, імхі развіты слаба. Дзякуючы элементам пакінутым пасля меліярацыйных работ частка балотнага масіва парасла вярбовымі і асінавымі зараснікамі. Балота спрабавалі меліяраваць цалкам, таму на яго тэрыторыі сустракаюцца меліярацыйныя каналы і насыпана дамба, якая цалкам зарасла алешнікам і вярбой. З паўночнага захаду ўчастак балота зарос хмызняком і дрэвамі. Тут пераважаюць бяроза, алешына і розныя віды верб. З боку в. Жукевічы адзначаны ўчастак адкрытага луга. У масіве балота знойдзена другое для Беларусі месца, дзе захаваўся знікаючы ў Еўропе від расліны – дзягіль балотны.

Жывёльны свет заказніка. Разнастайнасць раслін стварае асаблівыя ўмовы для гарманічнага развіцця разнастайных відаў беспазваночных і пазваночных жывёл. Сама водная тоўшча ўяўляе сабой насычаны арганізмамі булён, дзе разам са шматлікімі мікраарганізмамі жывуць рачкі, малюскі, павукі, водныя казюлькі. Ускраіны балот прыцягваюць наземных насякомых.

Меліяратыўная дамба стала месцам пасялення ліс і пастаяннага кармлення казуль. Адзначаюцца на тэрыторыі заказніка і іншыя сысуны: кабан, бабёр, андатра, амерыканская норка і інш У поўнай меры прадстаўлены свет земнаводных. Сустракаюцца травяная, вострамордая і зялёная жабы, шэрая рапуха, жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і г. д. Адзначаны і прадстаўнікі паўзуноў: жывародзячая яшчарка і вуж звычайны.

Мікрасвет балот яшчэ не спазнаны, але і вядомая частка ўражвае сваёй разнастайнасцю. Менавіта гэта разнастайнасць і забяспечвае камфортныя ўмовы для жыцця многіх відаў пазваночных жывёл. Велізарныя чароды гусей, розных відаў кулікоў спыняюцца тут для адпачынку і харчавання падчас міграцый.

Гаспадарчыя працы тут забаронены і таму ствараюцца ўмовы адноснага спакою. Акрамя гэтых відаў вадаплаўных балота служыць месцам адпачынку для розных відаў качак (шылахвостка, шыраканоска, чырок-свістунок, качка-свіязь і інш) і вядома ж у гэты перыяд тут назіраецца канцэнтрацыя лебядзяў- шыпуноў і лебядзяў-клікуноў. Адзначаюцца вялікія зграі чаек азёрных сярод якіх сустракаюцца шызыя і серабрыстыя. На вясновых разліваў актыўныя розныя віды кулікоў: кнігаўкі, траўнік, вераценнік вялікі і інш. Сенакосы і палі па пойме Свіслачы з’яўляюцца месцам прыпынку і адпачынку вялікіх зграй залацістых сяўцоў.

У летні час асаблівую ўвагу прыцягваюць калоніі гарадской ластаўкі і чорнай крачкі. І вядома ж штогод сюды прылятае гнездавацца вяртлявая чаротаўка. Вёскі Ярмолічы, Грайна, Знайдзіна, Канюхі, Казлы і Магіляны – тэрыторыя гнездавання белага бусла. У межах толькі вёскі Ярмолічы адзначаецца 3–4 гнязда. Свет драпежных птушак заказніка разнастайны, тут адзначаны балотны і лугавы мышаловы, канюк звычайны, арлан-белахвост, сокал-пустальга і інш.

Турыстычны патэнцыял. Тэрыторыя заказніка так, як і ўся пойма ракі Свіслач ад в. Знайдзіна да вусця Свіслачы, вельмі перспектыўная для арганізацыі перш за ўсё экатурызму. Дзякуючы дарогам, якія праходзяць праз заказнік і ўздоўж Свіслачы, арганізацыя назіранняў за прыродай і экскурсій з уключэннем прыродных аб’ектаў з’яўляецца вельмі простай справай. Гэта акалічнасць дазваляе прама з абочыны дарогі назіраць за жыццём насельнікаў нізіннага балота і берагавых схілаў самой Свіслачы.

В. Гуменны, В. Бахараў