ВЕРДАМІЦКІ ПАРК – помнік прыроды рэспублiканскага значэння (батанічны): статус прысвоены ў 1963 г. (в. Вердамічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл., 53°01’60’’п.ш., 24°16’60’’ у.д.).

В. П. прыгожы ў дасканаласці пейзажнай планіроўкі і кампазіцыйнай адпрацоўкі дэталяў: цэнтральная і кальцавая алеi сфармаваныя з ліпаў, а ўздоўж вадаёмаў растуць вялікія таполі, якія надаюць парку казачную загадкавасць. Адметнасцю з’яўляецца і тое, што ў кампазіцыі ўлічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя пары года, што надае маляўнічы каларыт паркавым краявідам. В.П. быў створаны на аснове палаца-паркавага комплексу графаў Талочкаў, які быў закладзены ў 1820-1830 гг. на месцы ляснога масіву. Адносіцца да паркаў пейзажнага тыпу, займае роўную, месцамі паніжаную тэрыторыю плошчай каля 12 га. Цэнтрам парку быў палац (не захаваўся). Алеі - цэнтральная і кальцавая - разыходзяцца ў парку ад уяздной брамы. У аснову паркавых кампазіцый пакладзена складаная водная сістэма замкнёнага тыпу. Парк фармаваўся ў некалькі этапаў. Пасля закладкі сядзібнага дома ў паўднёвай частцы былі размешчаны стайні і кола для выезду каней: тут дамінавалі грабавыя  пасадкі. Водная сістэма парку складалася з натуральнага ручая і канала, з якога вада паступала ў парк з навакольных палёў. Гэты меліярацыйны канал асушваў навакольныую забалочаную тэрыторыю. У парку існавала сістэма сажалак, якія былі злучаныя паміж сабой пратокамі і ракой Рось. Самая вялікая сажалка была перад палацам. Калісьці на гэтай сажалцы быў востраў з перакідным мостам, а паўднёвая частка сажалкі служыла пляжам. У В.П. налічваецца больш за 40 відаў дрэў і хмызнякоў. У сажалках, каналах і ручаі водзяцца некалькі відаў рыбаў, часцей за ўсё на вуду трапляе карась звычайны Carasius carasius. Больш за ўсё паркавых і лясных відаў птушак. Наяўнасць дуплаватых дрэў гаворыць аб пасяленні розных відаў сініц і дзятлаў. Адным з самых прыкметных млекакормячых з’яўляецца бабёр Castor fiber. Тэрыторыя парку зарасла дрэвамі і кустарнікамі - гэта тыповая кармавая пляцоўка для зайца-русака Lepus europaeus. Адзначаюцца куніцы і норка амерыканская Neovison vison,  звычайныя вожык белагруды Erinaceus concolor і крот еўрапейскі Talpa europaea. Розныя віды мышападобных грызуноў прыцягваюць сюды з навакольных лясоў лісіцу звычайную Vulpes vulpes. Пастаянная сувязь з лесам дае магчымасці міграцыі жывёл. У апошнія дзесяцігоддзі парк стаў прыцягваць увагу турыстаў як помнік не толькі прыроды, але гісторыі і культуры Беларусі. Захаваныя архітэктурныя элементы заслугоўваюць асаблівай увагі. У першую чаргу, гэта вялікая, маналітная, з дзіўнымі і нечаканымі элементамі афармлення, вонкавая агароджа. Колькасць і маштаб гаспадарчых пабудоў проста ўражвае. Тут быў броварны завод, які пры СССР быў пераўтвораны ў спіртавы завод і актыўна дзейнічаў аж да перабудовы. Гэтак жа ў маёнтку былi кузня, свіраны, стайні і інш. забудовы. Стыль аздаблення гаспадарчых пабудоў чарапкамі поразаўскага керамічнага посуду сапраўды ўнікальны. Гэтыя элементы ў сукупнасці з непаўторнай прыгажосцю пейзажаў парку робяць помнік прыроды «Парк Вердамічы» адным з цэнтральных турыстычных аб’ектаў у рэгіёне Белавежскай пушчы.