Рэалізацыя праекта «Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» з акронімам «Вандроўка ў этнаказку» разлічана на два гады. Лідэрам праекта выступіў ГрДУ імя Янкі Купалы. А яго партнёрамі сталі Агратурыстычная палата ў Сувалках (SIRT), Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей і гімназія № 1 імя Я. Ф. Карскага ў Гродне.

Плануецца стварэнне ва ўніверсітэце цэнтра этнакультурнага турызму, рэканструкцыя музея ў Гудзевічах і музея Яўхіма Карскага ў гімназіі. З польскага боку праект прадугледжвае стварэнне ў Сувальскім субрэгіёне новага этнатурыстычнага аб'екта – «Вёска казак». Пра тое, як будзе рэалізоўвацца праект, ішла размова на канферэнцыі, якая праходзіла ў Сувалках. У ёй прыняла ўдзел журналіст «ГП».

«Сувальшчына  край, як казка»

Пад такім брэндам сёння прадстаўляюць мясцовыя жыхары свой край для турыстаў, якія адпачываюць каля возера Вігры, самага глыбокага польскага возера Ханьча або на тэрыторыі Сувальскага ландшафтнага парку. Адно з найпрыгажэйшых месцаў у паўночна-ўсходняй частцы Польшчы з цудоўным каскадам азёр і густымі хвойнымі лясамі намаганнямі мясцовых улад і прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу паступова ператвараецца ў папулярны курорт.

Неафіцыйна сімвалам Сувальшчыны прызнаны манастыр камальдулаў ў Віграх - найкаштоўнейшы помнік архітэктуры. Штогод яго наведваюць шмат турыстаў, асабліва пасля таго як у 1999 годзе тут пабываў Папа Рымскі Ян Павел II. Вігерскі манастыр, пабудаваны на штучна збудаванай гары, узвышаецца над наваколлем. Падняўшыся на вежу, можна ўбачыць бязмежныя азёры.

 

Музей «Вігры» у Старым фальварку знаходзіцца ў цэнтры Вігерскага нацыянальнага парку. Незвычайная архітэктура будынка. Пазнаёміцца з гісторыяй краю можна пры дапамозе разнастайных інтэрактыўных прыстасаванняў або даверыцца аўдыягіду. То ты трапляеш на борт падводнай лодкі, то ў індзейскі вігвам. Дырэктар музея Мацей Амбросевіч нават прапанаваў нам распаліць вогнішча пры дапамозе драўлянай палачкі. Ёсць тут асабліва каштоўны экзэмпляр – арыгінальная дубовая лодка XIV стагоддзя.

У «Агарод казак» у Калетніках лепш прыехаць усёй сям'ёй. Пакуль дзеці знаёмяцца з казачнымі персанажамі, густа засяліўшымі амаль ўсю тэрыторыю «агарода», дарослыя могуць падхарчавацца энергіяй звыш ў каменным крузе, адчуць сілу смехатэрапіі, прыхінуцца да дрэва жаданняў. А можна паспрабаваць пухлае «цястко», выпечанае гаспадаром сядзібы або паспрабаваць хатні сыр, які пастаўляюць у аграсядзібу сыраробы з суседніх вёсак.

У музеі пад адкрытым небам «Аблога Яцвезско Пруская» у Ошкінях можна забрацца ў абнесеную частаколам вежу або пабадзяцца паміж векавых каменных глыбаў...

Каардынатар праекта з польскага боку старшыня Сувальскай агратурыстычнай палаты Эльжбета Надзейка вельмі эмацыянальна распавядала аб стварэнні новага этнатурыстычнага аб'екта – «Вёскі казак».

На скрыжаванні турыстычных сцежак

Палякі хацелі больш даведацца аб літаратурна-краязнаўчым музеі ў беларускай вёсцы Гудзевічы, куды яны стануць накіроўваць турыстаў. Менавіта там і запланаваны вялікія работы па рэканструкцыі. Прадставіла музей яго дырэктар Кацярына Басінская:

– Усё пачалося са школьнага музея. Ён быў адкрыты ў 1968 годзе дзякуючы намаганням заслужанага работніка культуры Беларусі Алеся Белакоза. З 1990 года размяшчаецца ў памяшканнях былой школы. Цікавы аддзел – этнаграфічны. З суседняй вёскі быў прывезены дом, пабудаваны ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. У доме размясцілі рэчы, якімі карысталіся сельскія жыхары. У кожнай рэчы свая гісторыя. У нас ёсць літаратурны аддзел, бо першапачаткова музей пачынаўся з кабінета літаратуры. Расказваем аб мясцовых паэтах і пісьменніках, класіках літаратуры. Традыцыйна праходзіць «Літаратурная гасцёўня». Стараемся падтрымліваць сувязь з сучаснымі пісьменнікамі, у першую чаргу Гродзеншчыны. У іншых залах – народныя рамёствы, лён і ткацтва. Праводзім розныя мерапрыемствы, каб прыцягнуць увагу да музея. Пры музеі працуе музычна-драматычны гурток. Дзеці вучацца працаваць на кроснах. Штат у музея невялікі, дапамагаюць вучні мясцовай гімназіі.

Дырэктар гімназіі № 1 г. Гродна Барыс Сяброўскі распавёў аб гордасці гімназіі – музеі Яўхіма Фёдаравіча Карскага:

– Адна з экспазіцый музея – куток кабінета вялікага навукоўца. Ёсць этнаграфічная экспазіцыя. Спецыяльны куток, дзе прадстаўлены Пецярбургскі перыяд жыцця Карскага. Галоўныя рарытэты музея – асабістыя рэчы, этнаграфічныя карты, якія былі створаны навукоўцамі. Вучні ходзяць у экспедыцыі з мэтай папаўнення экспанатаў. Мы сябруем з праўнукам вучонага Аляксандрам Карскім, які прыязджае ў Гродна. Музей – гэта месца сустрэч з вядомымі людзьмі. Праводзім шмат экскурсій. Адна з традыцый гімназіі – уручэнне стыпендый імя вялікага навукоўца. Музей таксама з'яўляецца аб'ектам турыстычнага маршруту «Прынёманскімі дарогамі Я. Ф. Карскага ".

У рамках рэалізацыі праекта плануецца перападрыхтоўка спецыялістаў у галіне турызму з упорам на этнакультурны турызм, распрацоўка анімацыйных праграм, этнакультурных турыстычных маршрутаў. Будзе створаны сайт этнакультурных рэсурсаў трансгранічнага рэгіёна, энцыклапедычны турыстычны даведнік Сувальскага субрэгіёна і Гродзенскай вобласці. У планах – правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах этнакультурнага турызму.

Што чакаем ад рэалізацыі праекта?

Юры Вайтукевіч, прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Я. Купалы:

- Вынікам праекта стане стварэнне ва ўніверсітэце цэнтра этнакультурнага турызму, распрацоўка інтэрактыўнага даведніка па турыстычных месцах. Самае важнае  гэта каманда, якая можа рэальна прыцягнуць у наш рэгіён турыстаў. Спатрэбяцца наш вопыт, звязаны з рэалізацыяй міжнародных праектаў, напрацоўкі ў плане прыцягнення партнёраў, спансуючых арганізацый. Універсітэт мае досыць багаты партфель партнёрскіх сувязяў, а таксама  структур, людзей, экспертаў, якія давяраюць універсітэту. Асноўная наша роля ў рэалізацыі праекта  аб'ядноўваць і каардынаваць.

Віталь Карнялюк, дацэнт кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму ГрДУ імя Я. Купалы, каардынатар праекта:

- Самая галоўная мэта  гэта павышэнне прывабнасці Гудзевіцкага музея, аднаго з лепшых этнаграфічных музеяў краіны. Выключная яркасць яго экспанатаў дысануе з досыць беднымі ўмовамі існавання. Развіццё турызму сёння патрабуе іншых умоў, на стварэнне якіх і накіраваны праект. Усё гэта немагчыма зрабіць без пэўных даследаванняў, прэзентацый, маркетынгавых пошукаў.

Барыс Сяброўскі, дырэктар гімназіі № 1 імя Я. Ф. Карскага:

- Спадзяюся, наш музей стане адным з аб'ектаў турыстычнага маршруту па прынёманскіх месцах акадэміка Карскага. Плануецца рэканструкцыя лекцыйнай залы, аснашчэнне музея сучаснай камп'ютэрнай тэхнікай. Стваральнікі музея Таццяна Еўтух, Алена Зянько, Валянціна Шарова і зараз працягваюць весці пошукавую працу. Расце колькасць экспанатаў музея.

Эльжбета Надзейка, старшыня агратурыстычнай палаты ў Сувалках:

– Рэалізацыя праекта будзе спрыяць развіццю турызму на Сувальщыне і ў Гродне, тым больш што ўкладзеныя інвестыцыі, а гэта каля 1,2 млн. еўра, павысяць прывабнасць прыгранічных рэгіёнаў. Спадзяемся, што ў рамках праекта мы зможам арганізаваць паўнавартасны сямейны адпачынак, а таксама пазнавальны турызм для груп школьнікаў. У планах  правядзенне першага фестывалю казак, які затым стане пастаянным.

Кацярына Басінская, дырэктар Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея:

- Мы чакаем прытоку турыстаў, выхаду на больш высокі ўзровень. Наш музей ведаюць многія, але пакуль мы працуем толькі на энтузіязме. У першую чаргу трэба арганізаваць нармальную інфраструктуру для прыёму гасцей. І вядома ж, патрабуюць рамонту будынкі музея.