Стварэнне навучальнага сектара этнічнага турызму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, турыстычнай інфраструктуры ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі, рэканструкцыя этнаграфічнага музея ў гімназіі № 1 імя Я. Ф. Карскага ў Гродне прадугледжваецца ў рамках праекта "Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Партнёрам з боку Польшчы ў ім выступае Агратурыстычная палата ў Сувалках. Рэалізацыя праекта пачалася з сакавіка 2012 года і будзе доўжыцца на працягу двух гадоў.

«Вандроўка ў этнаказку» - такую назву-акронім атрымаў гэты праект. Ён прадугледжвае шэраг маркетынгавых, адукацыйных і турысцка-прыкладных мерапрыемстваў. Як распавяла вядучы спецыяліст навучальнага сектара этнічнага турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Пячынская, гэта навучальныя трэнінгі для супрацоўнікаў турфірмаў і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін, навучальныя туры для журналістаў, семінары для студэнтаў, правядзенне канферэнцыі па праблемах этнакультурнага турызму і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Плануецца таксама распрацаваць анімацыйныя праграмы для музея ў Гудзевічах і створанай турыстычнай «Вёскі казак» у Сувалках, этнатурыстычныя маршруты па трансгранічным рэгіёне, падрыхтаваць і выдаць даведнік этнакультурных рэсурсаў Гарадзеншчыны і Сувальшчыны.

У завяршэнне праекта па абодва бакі мяжы пройдзе фестываль казак, баек і легенд Усходняй Еўропы (польскіх і беларускіх).

З агульнага бюджэту праекту, а ён складае звыш 1.270.000 еўра, беларускі бок атрымае 625.000 еўра.