ВЕРАШЧАКА Марыля Антонаўна (1799 г. – 27.12.1863 г.), дачка ўладальніка маёнтка Туганавічы (за 1 км ад в. Карчова Баранавіцкага раёна) Антона Верашчакі.

У маёнтак Туганавічы да свайго сябра па Навагрудскай дамініканскай школе Міхала Верашчакі часта прыязджаў Адам Міцкевіч. Тут у 1818 г. ён пазнаёміўся з Марыляй і пакахаў яе, хоць дзяўчына была ўжо заручана з графам В. Путкамерам.

Самыя пяшчотныя лірычныя вершы А. Міцкевіч прысвяціў свайму першаму каханню. У лютым 1821 г. адбылося вяселле Марылі і графа Путкамера, і неўзабаве маладая жонка перасялілася ў маёнтак мужа Бальцінікі (цяпер у Воранаўскім раёне). Хутка іх сустрэчы аднавіліся. У 1821 г. паэт правёў два тыдні ў Бальцініках як госць Марылі, графіні Путкамер. Іх сустрэчы адбываліся ў старым парку каля валуна (захаваўся). на якім паэт зрабіў насечку ў выглядзе крыжа: ва ўрочышчы Гаік каля парку.

Бытуе легенда пра бярозу, якую быццам бы спецыяльна для Марылі пасадзіў Адам. Людзі казалі, штоў сонечныя дні лісты бярозы былі вільготнымі ад тугі яе гаспадыні па каханаму. Калі Марыля памерла, у яе бярозу ўдарыў гром, а вакол вырасла сотня іншых бяроз –дало ўсходы насенне, якое Марыля рассеяла па ўсёй акрузе. Пахавалі Марылю ў сцюдзёную зімовую пару, а вясной, паводле мясцовых паданняў, над магілай графіні паднялося воблачка – душа каханай паэта паляцела на сустрэчу з каханым. Пахавана Марыля ў Беняконях (Воранаўскі раён) каля касцёла.

І.І. Трацяк