БІТНЕР Уладзімір Адольф Здзіслававіч (04.11.1860 г. – 18.01.1924 г., г. Свіслач), беларускі хірург, доктар медыцыны. Радавы маёнтак Бітнераў знаходзіўся ў Ломжанскім старостве на Падляссі (Польшча). Маці – з роду Яблонскіх, бацька – з роду, які паходзіў са Швецыі (паводле іншых версій – ад Курляндскіх немцаў, якія ў 1618 ст. былі на вайсковай службе ў Рэчы Паспалітай).

У 1884 г. А. Бітнер скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Медыцына” іраспачаў лекарскую практыкуў м. Свіслач Ваўкавыскага павета, дзе адпрацаваў 14 гадоў. Цікавіўся хірургіяй і афтальмалогіяй, штогод удасканальваў кваліфікацыю ў лепшых універсітэтах Еўропы. У 1893 г. з нагоды жаніцьбы стаў гаспадаром маёнтка Кватары (зараз Бераставіцкі раён), у якім заснаваў сваю лячэбніцу – “бальніцу”, і лячыў людзей, прычым бедных і дзяцей – задарма. У лекарскай практыцы выкарыстоўваў народную медыцыну, ведаў лячэбныя ўласцівасці раслін Белавежскай пушчы, ствараў розныя настойкі, бальзамы і мазі – і гэтым набыў вялікую папулярнасць. Магчыма, яго рэцэпты былі выкарыстаныя ў стварэнні вядомага брэнду бальзамаў “Біттнер”.

Быў актыўным грамадскім дзеячам. У 1922 г. вылучаўся кандыдатам у сейм ад Хрысціянскага саюза народнага адзінства. А ў 1919 г. прапанаваў заснаваць у Кватарах лакальную сельскагаспадарчую школу, дзеля чаго выдзеліў 10 дзесяцін сваёй зямлі. Але гэтай справе перашкодзіла вайна.

Пасля яго смерці вуліцу ў Свіслачы, што ішла ў накірунку да Кватараў (Гродзенскую) перайменавалі ў вуліцу Бітнера (у 1940-м г. вуліца была перайменавана ў Камсамольскую). На каталіцкіх могілках у г. Свіслач пастаўлены сціплы помнік з чырвонага граніту знадпісам на польскай мове: “Святой памяці Адольф Бітнер, доктар медыцыны. Жыў 63 гады. Памёр 18 студзеня 1924 года. Служыў чалавецтву і Богу”. У яго гонар 23 мая 1996 года у Свіслачы ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Камсамольскай.

І.І. Трацяк.